Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 24

Алесь Разанаў

Нібы ключ, клін адмыкае калоду, ці карчаку, ці бервяно, але зноўку замкнуць іх не здатны; ён пранікае ў самыя запаветныя схованкі, але, сілком адчыняючы іх, ніколі нічога — нібы здзяйсняецца нейкі, не зразумелы яму заклён — не знаходзіць.

Клін робіцца не з клёну альбо з каліны, а з «калянага» дрэва і, дастасоўваючыся да дрэва, як усклік да гаворкі, як клічнік да выказвання, уяўляе сабой канстанту, дзе тонкае неўпрыкмет пераходзіць у шырокае, а паступовае — у праніклівае.

Воблік у кліна аднастайны, але ўсе «клінічныя» сітуацыі спадзяюцца на клін.

Рэчка i возера

Рэчка — рух, возера — спакой, рэчка — у спрэч-цы, возера — у роздуме, рэчка няўрымслівая, як рысак, возера ўстойлівае, як воз, рэчка — у сустрэчах і расставаннях, возера — у сябе дома.

Рэчка «рэкае», возера пазірае, рэчка — прарок, возера — празорца, у рэчку ўслухоўваецца блізкая рэчаіснасць, у возера ўглядаюцца далёкія зоркі.

Рэчку аточваюць карчы, возера абступаюць бярозы, па рэчцы плаваюць качкі, па возеры — лебедзі, рэчка адпрэчваецца ад усяго, што ёй трапляецца, возера ўсё збірае, рэчка — час, возера — «zero» часу, рэчка кручаная, возера роўнае, рэчка — характар, возера — сузіранне, рэчка напружана ўразаецца ў абранае рэчышча, возера зарэзервоўваецца на месцы.

Але з возера заўсёды чэрпаецца гэтакае самае рэчыва, як і з рэчкі, а рэчка заўсёды зараджае гэтакім самым зарадам здароўя, як і возера.

Іголка

Іголка голая, але клапоціцца, каб усіх апрануць.

Калі іголка вострая, для яе не перашкода ні сукно, ні палатно, ні аўчына, калі зламаная ці тупая - усюды натыкаецца на непранікальнае наваколле.

У спрытных руках іголка лёткая і кемлівая, у няўклюдных — непаваротлівая, нібы кол, у кволых — колкая.

Іголка шмат што ўмее — шыць, вышываць, цыраваць, латаць, але галоўная мэта яе дзейнасці — весці ўслед за сабою нітку, быць ёй заўсёдным калумбам, а галоўная ўмова гэтай дзейнасці — нічога ніколі ніколькі не мець самой.

Мякіна

Мякіна мяккая, як мука, але калі мука дадатны вынік паслядоўнага і мэтанакіраванага высвятлення, што застанецца пасля таго, як усё адымецца, то мякіна — менавіта тое, што адымаецца, адмоўны вынік гэтага высвятлення.

Мякіна пакінутая; у мяхі і сусекі ссыпаецца зерне, у сцірты складаецца салома, а мякіна, як смецце, змятаецца ўбок: у ёй корпаюцца куры і яе імкне з сабою імклівы вецер.

На смак мякіна ніякая, але ў часіну нішчымніцы, калі жывёліны мэкаюць, бэкаюць, рыкаюць, а гаспадары паныла мікіціць, чым жывіцца-карміцца, мякіна — намёк, што ўсё будзе добра, што яна дапаможа датрываць і да хлеба, і да малака.

Камора

Усё спажыўнае ў гаспадарцы сцякаецца, нібы ў мора, у камору, і яна ўсіх корміць.

Камора для гаспадаркі — крама: у ёй стаяць бочкі і карабы, а пад бэлькай вісіць скаромнае — кумпякі і кілбасы.

Камора не лекар, але часам не горш за лекара вылечвае і ад хворасці, і ад зморы.