Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 16

Алесь Разанаў

Сама па сабе дуга кароткая, але, сагнутая, нібы пругкі лук, мае доўгі («даўгаўскі») вынік - дарогу, і ў тым, каб гэтай дарогаю-вынікам злучаліся абедзве дугі небакраю, бачыць свой — дужа няпросты — доўг.

Гузік

Гузік спрытна ўлазіць у шчыліну-пят- лічку, але назад вылезці не можа, застаючыся вязнем свайго спрыту, сваёй зухаватасці.

Гузік не гуз, але мае з гузам блізкае падабенства, не туз, але гэтаксама, як туз, знаходзіцца на адказным месцы: ім звязваецца ў адно цэлае левае і правае, ніз і верх, на ім трымаецца ўсё адзенне.

Гузік — глузд, гузік — розум, ён нейтралізуе сабою памкненні да раз'яднання і бярэ на сябе найбольшую — «тузінную» — нагружу: яго круцяць, тармосяць, тузгаюць, і толькі тады, калі гузік знікае (адшпільваецца ці вырываецца), кашуля (ці блузка, ці камізэлька, ці кажушок) расхістваецца, распадаецца напалам.

У музыцы адзення гузік усяго адзін гук, але гук ключавы, гук мужны.

Павуціна

Павуціна як ціна: хто ў яе трапіць, таго яна аблытвае і палоніць.

Нібы кароль у сваёй дзяржаве, у павуціне пануе павук: ён пляце павуціну, выцягваючы яе з самога сябе, і развешвае ўсюды, куды не сягае рух, дзе зацішна — ці ў клеці, ці пад павеццю, ці ў куце хаціны.

Колькі б разоў ні рвалася павуціна, столькі разоў павук яе аднаўляе, даючы прыклад і павучанне ўсім ваярам, усім працаўнікам.

У павуціне заканчваюцца многія пуцявіны, яна для іх вусце, а мо і мора, і як бы ні прасіліся ў павуціны мухі, мошкі ці камары: «Пусці!..»,— павуціна трымціць і хістаецца, але не пускае.

Павуціна падобная на ядваб, падобная на кілім, але калі ядваб і кілім маюць сваю цану, то павуціна яе не мае, яна — цень ядвабу, цень кіліму, і таму яна захоўвае ў сабе тую лёгкасць і тую бязважкасць, дзякуючы якім, калі настае бабіна лета, яна ляціць.

Бяда і гора

Бяда аб'яўляецца спадсподу, як прарастае спадсподу трава-лебяда, гора абрушваецца згары.

Бяда — яда: яна есць чалавека, гора — пітво: яно п'е чалавека, бяда салёная, гора горкае, бяда — яд, гора — атрута.

Бяда прыходзіць знянацку, гора — раптоўна, бяда — выпадак, гора — здарэнне, бяда — Сцыла, гора — Харыбда; яны спадарожнікі чалавечага лёсу, і не ведае чалавек, дзе іх чакаць, куды ад іх дзецца.

Бяда баліць, гора гняце, бяда галосіць, гора наракае, у бяды ўсё падае з рук, у гора ўсё згортваецца.

Бяда бледная, гора чорнае, бяда — пятля, гора — горан, бяда — вужака, гора — груган, гора гародзіць між светам і чалавекам платы, бяда выбудоўвае сцены.

Але ўсё на свеце мінае: і сплывае бяда, бы вада, і згарае, нібы агонь, гора.

Бор

Бор — збор, сабор самых адборных дрэў, абрэвіятура, якая да ўсіх мае дачыненне.

У бор ідуць па грыбы-баравікі, едуць па дровы і па бярвенне; бор — апора людскому здароўю і дабрабыту.

У бары ўсяго навыбор, і нават небарака ў бары адчувае сябе панам-баронам.

З борам з'яднаны і urbs, і orbis (і горад, і свет), ды, зрэшты, і сам бор для шматлікіх і разнастайных яго жыхароў, і свет, у якім яны марудна ці борзда знаходзяць сябе, і горад, які спалучае рысы готыкі і барока і ў якім падымаюцца да аблокаў і ападаюць на дол дрэвы дамы.