Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 96

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Самае правільнае, відаць, пакуль не позна, трэба самому расказаць хлопцам, што то за мыла і куды я яго аднёс. А як дакажаш? Сапраўды можна падумаць, што на злодзеі і шапка гарыць.

Праўда, маю нявіннасць можа пацвердзіць Санька, але ўсе ведаюць, што мы з ім землякі і дружбакі. Скажуць, што з аднаго поля ягады. Куды ні кінь — усё клін. Аж галава пухне.

Можа, і сапраўды не дражніць гэтага аглаеда Сцепку? Аддам яму сёння за абедам сваю порцыю мяса, няхай падавіцца. Адкуплюся данінай, абы маўчаў. Я так баюся пра сябе дрэннай пагудкі, што гатовы пайсці і на такое. Вядома, калі-небудзь праўда ўсплыве, але правільна гаворыць мая бабка: пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.

Матэматычка чэрцщь на дошцы мелам розныя чарцяжы, тлумачыць нам новы урок, але да мяне сёння даходзіць туга. Я гляджу на дошку нібы на новыя вароты, раблю толькі разумны выгляд, а сам — не запамінаю нічога. Побач Санька сапе. Ён так стараецца, перамалёўваючы чарцяжы ў свой сшытак, што аж высалапіў язык. Сцепка сядзіць справа ад мяне цераз праход паміж сталамі і, калі я паварочваю галаву ў яго бок, змоўніцкі мне падміргвае. Ад гэтага аж кошкі скрабуць на душы. Знайшоўся мне кораш. Закон — тайга.

Чым больш я думаю пра яго, тым больш губляюся. Што ён за тып, гэты Сцёпка? Разумны чалавек не будзе хваліцца першаму сустрэчнаму, што ён жулік. Гэта ўжо зусім трэба з глузду з'ехаць. А пра Сцёпку такога не скажаш: у яго, здаецца, усе дома. Вучыцца не горш за іншых. Дык вось жа пахваліўся. Да гэтага часу не магу ўцяміць, праўду ён гаварыў ці не, калі за сталоўкай патрабаваў ад мяне большых порцый і пагражаў расправай па-растоўску. Можа, проста правяраў, ці не пабягу дакладваць, ці не фіскал я. Я, канешне, не фіскал і ніколі ім не буду, а ён невядома хто. Можа, і сапраўды дружбак блатнога Прынца, ад якога рыдае міліцыя. Вунь якая нахабная ухмылка!

Не разумею, як яго прынялі ў наша вучылішча, калі ён такі. Няўжо генерал разам з прыймовай камісіяй не змог яго раскусіць? Здаецца ж, былі такія строгасці. Мяне дык вунь як круцілі — з усіх бакоў: хто бацька, хто матка, чым я сам дыхаю.

Загадка для мяне і сённяшняя размова з гэтым прайдохам у калідоры. Чаго ён дабіваецца? Ці не сам ён мыла свіснуў, а на мяне хоча зваліць? Хутчэй за ўсё так яно і ёсць. А тое, што і яго таксама абабралі, што ён гатовы ў зубы злодзею даць,— усё гэта цень на пляцень.

Але тут мяне збівае з панталыку гэты самы яго закон — тайга. Калі вінаваты, дык, мабыць, маўчаў бы ў жменю і дыхаў у дзве дзірачкі, а то ж лезе на ражон. Ды яшчэ і тайну абяцае захоўваць. Не, хутчэй за ўсё не ён.

А што, калі падумаць так? Пра свае блатное жыццё да вучылішча, дапусцім, ён гаварыў мне праўду — з языка сарвалася, а цяпер чысты, мыла не краў. Дапусцім, што ён сапраўды ўпэўнены, што гэта маіх рук справа. Тады, паабяцаўшы нікому не гаварыць, ён хоча знайсці сабе хаўрусніка, друга-прыяцеля, ці, як ён кажа, кораша. Хочацца ж яму з кім-небудзь сябраваць, а тут на табе, само ў рукі валіцца, знайшоўся такі ж, як і ён, два боты — пара. Для гэтага і трэба яму закон — тайга.