Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 95

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Правільна,— падтрымалі Колю ўсе, хто чуў гэтую размову,— толькі як дазнацца?

— Ша, хлопчыкі,— супакоіў Коля народ і ўдарыў зноў сваёй начытанасцю: — Пра сышчыка Шэрлака Холмса чулі? Прыменім яго дэдуктыўны метад, і ўсё тайнае стане яўным. Я за гэта бяруся. I — ціха.

Не ведаю, як на каго, а на мяне дэдуктыўны метад вельмі падзейнічаў. Я ўпершыню чую такое. I хоць не ведаю, з чым той метад ядуць, але ўпэўнены, што цяпер Сцепка Рубцоў нідзе не дзенецца. Тут яму не Растоў-тата.

Падзейнічаў, відаць, метад і на нашага сяржанта. А можа, і не метад. Можа, тое, што і ён не бог ведае якая шышка: з намі спіць, з намі за адным сталом есць, з намі вучыцца. Толькі што б там ні было, а, здаецца, паддаўся Міцька ўгавору.

— Хм,— хмыкнуў ён і задумаўся.

Затым падалі каманду строіцца, і батарэя пайшла на снеданне. Наш узвод, на здзіўленне, паводзіць сёння сябе ў страі ўзорна: ні жартаў, ні пстрычак, усе маўчаць, нібы каго пахавалі. Не спадзеючыся на Сцепку Рубцова, яго спецыяльна папярэдзілі, каб пра «чэпэ» ні гу-гу.

Я, праўда, спакойны, мая душа на месцы. Як гаворыць бабуля, не чапай нічога — не бойся нікога. Адкуль мне было ведаць, што нада мной збіраюцца чорныя хмары.

Усё таемнае становiцца яўным

Усё пачалося з таго, што на перапынку Сцепка падсцярог мяне ў калідоры аднаго і зларадна сказаў:

— Ну, кораш, цяпер ты ў мяне ў руках, будзеш пад маю дудку скакаць.

— Пайшоў ты! — пагардліва кінуў я ў адказ, хоць такая яго заявачка мяне зацікавіла і крыху ўстрывожыла. На што гэта ён намякае?

Хай на што хоча гэты нахабнік намякае, а размаўляць з ім не варта: і самому не хочацца, і хлопцы будуць касавурыцца, калі завядзеш з ім шашні. Толькі не тут яно было: Сцепка заступіў мне дарогу і сказаў такое, што мне стала не па сабе:

— А мыла хто спёр, фраер? Думаеш, я не бачыў, як ты хаваў яго ў рэчмяшок перад звальненнем?

Ад крыўды і абурэння мяне аж закалаціла. Тут трэба было б урэзаць кулаком яму ў грызлы, умазаць як след па гэтай плоскай і шырокай, нібы лапата-хлебніца, мордзе, па яхідных прыжмураных вочках, але я разгубіўся і не ўрэзаў, і не ўмазаў, а толькі зароў зверам:

— Гэта было мае мыла, гад, мае!

Тут зазвінеў званок, з вуліцы ў клас з гоманам і тупатам рынуліся ўсе нашы, і я нічога не паспеў даказаць таму паразіту. Не чакаючы, пакуль нас убачаць разам, ён прыпусціў у клас першы і толькі кінуў мне напаследак:

— Будзеш разумнікам, нікому не скажу. Закон — тайга!

Нічога сабе аладачкі! Я і душой невінаваты, а ён, бачыце, нікому не скажа. Ды што ж гэта на свеце робіцца?

У класе я сяджу нібы на іголках: усё не магу супакоіцца. Гэта ж падумаць толькі, што плявузгае гэты гад Сцепка! Ды я за ўсё жыццё парушыны чужой не ўзяў, калі не лічыць, зразумела, яблыкаў з суседскіх садоў. Дык гэта ж зусім іншы каленкор. Каб вырасці ў вёсцы і не зрабіць такі грэх, трэба ўжо зусім святым быць. А тут такое! I павярнуўся ў яго, паразіта, язык.

А што будзе, калі ён і сапраўды вякне хлопцам сваю хлусь? Прапаў я тады з лапцямі. Хоць і гавораць: не чапай нічога — не бойся нікога, а паспрабуй іншы раз даказаць, што ты не вярблюд. Мне здаецца, я трапіў якраз у такое становішча. Што я перад звальненнем хаваў мыла ў рэчмяшок, супраць гэтага не папрэш. Гэта, апрача Сцёпкі, бачылі і іншыя, могуць пацвердзіць. Дзіўна, што яны пра гэта яшчэ маўчаць. А калі ўсё-такі думаюць?