Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 94

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Байкот не байкот, а камандзір павінен аддаваць загады, гэта не лічыцца парушэннем угавору, і Яцук, не адрываючыся ад падкаўнерыка, які ён у гэты момант падшываў, строга скамандавау:

— Выхаванец Рубцоў, марш мыцца!

Шырокі, крыху прыпухлы, заўсёды блішчасты, нібы намаслены, Сцёпкаў твар, на якім толькі што было столькі бязмежнай адданасці, расчаравана патух.

— Ёсць! — паслухмяна шчоўкнуў Сцёпка абцасамі і, узяўшы прычындалле для ўмывання, знік.

Цяпер вакол ажывіліся, загаварылі амаль усе разам, цяпер тут усе, здаецца, надзейныя. Што рабіць? Прасцей за ўсё далажыць начальству, няхай яно само шукае злодзея і карае. Але многія з гэтым не згодны. Па-першае, не варта самім сябе ганьбіць. Начальства падыме вэрхал, пачнецца якое-небудзь следства, пачнуць усіх цягаць да камбата ў канцылярыю — сораму не абярэшся. А па-другое, начальства для злодзея — не самае страшнае: яно будзе з ім панькацца, выхоўваць, сарамаціць, аб'явіць вымову ці яшчэ што, а па мордзе не дасць. Коля Кузняцоў у гэтым перакананы на ўсе сто. А гэтага ўсім мала. I справа тут ужо не ў самім мыле, хоць яно цяпер і дарагое, а ў тым, што не можам мы жыць з такім чалавекам побач, гонар нам не дазваляе.

— Цёмную, толькі цёмную! — настайвае Пiскля.

Так жа, як і Яцук, ён сам былы дзетдомавец і перакананы, што лепшага сродку для перавыхавання людзей, нячыстых на руку, і розных фіскалаў няма. На ўсё жыццё любы красці перастане. I робіцца гэта проста: чалавек пяць сакрэтна змаўляюцца між сабой, накрываюць ноччу соннага паразіта коўдраю, каб той белага свету не бачыў, ды і лупцуюць хто чым. Моўчкі лупцуюць, каб гад па голасу каго не пазнаў. I канцы ў ваду.

— Так і з вучылішча можна вылецець,— спрабуе астудзіць Косціка заўсёды памяркоўны Гецьман.— Чуў, нябось, што Маятнік гаварыў пра самасуд.

— А хто дакажа, калі сакрэтна,— стаіць на сваім Косцік,— а знойдзецца фіскал — і таму цёмную.

I смех і грэх слухаць гэтага Пісклю: самога паўжменькі, а ваяўнічасці вагон. Як сказала б мая бабка, хоць мала сілы, ды многа задзіры.

Але тут многае залежыць ад Міцькі Яцука, ён усё ж старэйшы сярод нас па ўзросце на год-два. I па званию — сяржант. Даложыць ён капітану — будзе вэрхал, не даложыць — будзе свой суд і расправа. Як кажуць, шыта-крыта, каб ніхто не знаў. Але Яцук пакуль што маўчыць, падшывае свой падкаўнерык і маўчыць. Ён заўсёды трымаецца крыху ў баку ад усіх ці то па свайму характару, ці па субардынацыі, каб мы не селі яму на галаву. Мы яго за гэта крыху недалюбліваем, аднак права камандаваць сабой прызнаём: былы сын палка, франтавік, прайшоў, як кажуць, Крым і Рым, і Стары Быхаў, дзе і чорт не дыхаў. Як тут не прызнаеш?

Вось Міцька нарэшце апрануў гімнасцёрку, бліснуў медалём і зрабіў ласку — абазваўся:

— Дакладваць, хлопцы, давядзецца: гэта ж — «чэпэ».

Слова «чэпэ» прымусіла задумацца нават па-баявому настроенага Пісклю, і ён змоўк, але тут на дапамогу яму прыйшоў Коля Кузняцоў. Праўда, ён не агітаваў за цёмную, але разняхаіў так:

— Пачакай з дакладам, камандзір. Давай мы самі разбяромся. Дазнаемся — хто, тады і даложым.