Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 11

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Ходзім мы з Санькам па залу, то да аднаго гурту прысуседзімся, то прытулімся да другога, і ўсё прыслухоўваемся, пра што гаворка. А гаворка ідзе карысная, людзі ўсё ведаюць. На матэматыцы, напрыклад, лепш не трапляцца да жанчыны. Ёсць тут, у вучылішчы, такая выкладчыца, чорная, у акулярах — ну і змяя! Варухнуцца не дае, не тое што шпаргалку перапісаць. А вось маёр ёсць у іх — той добры. Так што нам з Санькам — кроў з носа — трэба трапляць да маёра.

А ў прыймовай камісіі, кажуць, сам генерал — жудасць!

А ў каго слабы зрок, таго медыцынская камісія «зарэжа». Мы з Санькам на вочы не скардзімся, а там — хто ж яго ведае. Можа, пакажуць такое, што пад мікраскопам не ўбачыш.

I чым больш, тым страшней. Адно нас толькі крыху суцяшае — сірот будуць браць у першую чаргу. А мы з Санькам усё ж сіроты, хоць і не круглыя: у яго няма бацькі, а ў мяне — маткі. Можа ж, яны хоць трошкі ўлічаць тэта.

Стаім мы з сябрам, памяркоўна гэтак раздумваем, і раптам нехта з парога як крыкне:

— Выхадзі строіцца!

Вось як яно бывае. Тэта ж шчасце, што мы Юрку не паслухаліся і не змыліся адсюль. Выходзіць, і ён не ўсё наперад ведае. Ідзіце дамоў, а тут сама служба пачынаецца. Вось потым кусалі б локці.

Строіліся мы доўга: спачатку ўсе мітусліва тоўпіліся табуном, штурхаючыся, наступаючы адзін аднаму на ногі, як быццам на пляцы не хапала прасторы. А нам з Санькам і зусім не знаходзіцца месца ў страі: куды ні кінемся — ужо занята, адусюль выпіхваюць, ледзь прыляпіліся ў самым хвасце. Стаім. Хвалюемся. Ну, думаю, правільна бабуля журылася пра мае штаны, не вернемся мы ўжо сёння ў Падлюбічы, не давядзецца іх даношваць Глыжку. Вось зараз скамандуюць: «Шагам марш!» — і павядуць у сталоўку ці яшчэ куды. Можа, і пераапранаць. Мы ж не ведаем іх парадкаў. Але немалады ўжо старшына, ні даць ні ўзяць — вясковы дзядзька, толькі ў абмундзіраванні, у картузе з казырком-лапатай, які доўга, цярпліва назіраў за пастраеннем, з першых слоў паставіў нас у тупік:

— Тут усе іншагароднія? Штосьці вас, гаўрыкі, многа.

Мы з Санькам, адчуўшы нядобрае, закруціліся: а мы — хто, іншагароднія ці якія?

— Гамяльчанам выйсці са строю!— скамандаваў старшына.

Многа выйшла, чалавек з дваццаць. Я таксама памкнуўся быў пакінуць строй, але Санька ўтрымаў мяне за рукаў.

— Ты што — з Гомеля?— насмешліва спытаў ён, і ў гэтай насмешцы была ўпэўненасць, што нас з ім каманда старшыні не датычыцца.

I добра, што я не выйшаў. Аказваецца, нас сапраўды павядуць зараз у казарму ўладкоўваць на начлег і возьмуць на часовае катлавое забеспячэнне. А гамяльчане няхай сабе шуруюць дамоў і ходзяць потым здаваць экзамены па раскладу. Тэта іншагароднім няма куды дзецца, а у іх бацькі не за гарамі. Але і наша з Санькам свята было нядоўгім. Яго хапіла якраз на столькі, колькі спатрэбілася часу старшыне, каб праверыць усіх па спісу. Якіх там прозвішчаў толькі не было: і Кузняцоў і Гецьман, і Сіманян... Былі такія, што з першага разу і не прачытаеш, а вось нашых, звычайных, вясковых прозвішчаў старшына так і не выгукнуў. Стаім мы, разгубленыя, збянтэжаныя, і не ведаем, што рабіць, ці самім выходзіць, ці чакаць, пакуль не вытураць. Нарэшце Санька адважыўся і падаў голас: