Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 54

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Падпалкоўнік Асташэўскі баіцца, што мы не здолеем як след на страявым аглядзе паздароўкацца з генералам. Таму, перш чым весці нас на пляц, ён пастроіў батарэю, сам прытварыўся начальнікам вучылішча і патрабуе, каб мы віталі яго, быццам генерала. Ён нам:

— Добры дзень, таварышы!

А мы яму, глытаючы словы, каб не адстаць ад агульнага тэмпу, у сто глотак у адказ:

— Здра...жада...тааш...ерал!

Тэта значыць: здравія жадаем, таварыш генерал.

Каля суседняга пад'езда казармы — другая батарэя салагаў, з імі свой «генерал» здароўкаецца. І ў нас, і ў іх атрымліваецца так гучна, што, мабыць, і ў горадзе чуваць, але не вельмі складна: то нехта паспяшаецца і раней за ўсіх гаркне «здра», то нехта запозніцца і ў пусты след адзінока вякне «ерал».

I вось на пляцы ўсё вучылішча. Высокую драўляную агароджу, за якой недалёка ўскраінная вуліца горада Батарэйная, нібы галкі, абселі хлапчукі. Мне знаёма іх зайздрасць. Дзяжурны на КПП час ад часу зганяе іх з паркана, але варта яму адысціся, як яны з'яўляюцца зноў.

А далей было, нібы ў сне. Недзе там далека, дзе стаяў старшы курс, нехта пеўнем праспяваў каманду:

— См-і-і-і-рна! Для сустрэчы-ы-ы!

Грымнуў аркестр — і не дыхай.

Аркестр то іграе, то змаўкае нечакана, нібы выключанае радыё: пік — і годзе. I тады праз паўхвіліны да нас даносіцца стогалосае «здра...жада...тааш...ерал». Гэта генерал пад музыку ідзе ўздоўж строю і здароўкаецца з батарэямі. Мне з трэцяй шарэнгі не відаць, як ён робіць той агляд: адпорвае ці не неахайна прышытыя падкаўнерыкі, як наш Юрка-старшына, паварочвае ці не шарэнгі, каб паглядзець, як начышчаны заднікі. Вось таму мяне крыху і бярэ трывога, ці не расшпіліўся які гузік, ці так сядзіць на галаве пілотка, ці не сабраліся там маршчыны на гімнасцёрцы. Але па камандзе «смірна» не паварушышся, не праверыш. Стой, нібы статуя.

А што, калі ён мяне пазнае? Мы ўсё-такі крыху з ім знаёмыя. А калі яму далажылі, як я мыўся ў лазні пад прымусам каптэнармуса ці як «па качану» ўклеіў Лёву Белкіну? Затрывожышся тут.

Але не толькі я трывожуся, астатнія таксама стаяць пад напругай, уся батарэя не дыхае. Кінуў я краем вока позірк на Саньку, дык у таго твар акамянелы і пот на носе выступае. Калі б у тэты момант яму села на нос і пчала, дык ён і вухам не павёў бы.

Аркестр зноў крыху паіграў і захліпнуўся — вось ён, начальнік вучылішча, перад намі. А я гляджу і не пазнаю генерала — той і не той. У кабінеце ён быў не такі. Тады вочы яго свяціліся то спагадай, то ледзь прыкметнай усмешкай, голас яго мне здаваўся добрым. Ён не сварыўся на мяне за двойку, не пагражаў выгнаць з вучылішча, а быццам раіўся: што мы з ей будзем рабіць, хлопча? Быццам мая двойка наша з ім, агульная. То быў Баця, а гэта — генерал. Погляд строгі, ніякіх табе ўсмешак. Замест планак — ордэны і медалі. А іх столькі, што жывога месца на грудзях няма — ад каўняра і амаль да пояса. Як у старадаўняга віцязя латы. Крок ступіць — і чуваць перазвон. Нялёгка, мабыць, насіць гэтыя латы.