Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 41

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Пасля такіх слоў аўтарытэт каптэнармуса памерк. Юрка як бы спіхнуў яго са сваей папярочкі на службовай лесвіцы на адну ніжэй. Быццам на адной дваім там цесна.

Але і страявы старшына, ды яшчэ амаль наш аднагодак, а мне дык і зусім зямляк і таварыш — не сам камандзір батарэі. Няхай у яго будзе хоць у роце чорна, як у нашага Жука, усё адно ён не такі страшны, як сам Грызь. I мы ў страі адчуваем сябе вальней. Асабліва другая шарэнга.

У другой шарэнзе наогул многа пераваг. У першай стаіш перад начальствам, нібы пад промнем пражэктара, слуп слупам: не паварушыся, з нагі на нагу не пераступі, а каб пераміргнуцца з таварышам — і думаць забудзь. А ў другой, па-за спінамі пярэдніх, нібы за плотам; начальству відаць, ды не ўсё. Тут можна дазволіць сабе і сякія-такія вольнасці: пераміргнуцца, аслабіць нагу па камандзе «смірна», словам — можна паварушыцца. У другой, я ўжо не кажу пра трэцюю і чацвёртую, ёсць нават свая страявая забава. Называецца яна «па качану». Хоць забава і небяспечная, але ж вельмі смешная. Тут трэба выбраць момант, калі камандзір не глядзіць у твой бок, а ў паперу ці яшчэ куцы, асмеліцца і пярэдняга па голай макушцы — пстрык! А тады ўжо і стой нібы мыла з'еўшы: я — не я, і карова не мая. Другая шарэнга кісне ад смеху, чырванее ад натугі, каб не зарагатаць, але ўсе маўчаць, хіба каторы слінаю пырсне праз сцятыя зубы. Паспрабуй пікнуць — апынешся перад строем. Усе шышкі ад начальства за забавы другой шарэнгі ляцяць на першую, на таго, хто атрымаў пстрычку:

— Сідараў, не круціцца ў страі!

— Кузняцоў, апошні раз папярэджваю!

Можна пстрыкаць і не на макушцы, па адтапыранаму вуху таксама добра атрымліваецца. Але пры падпалкоўніку, ды і пры іншых афіцэрах, зрабіць «па качану» не кожны яшчэ і асмеліцца, хіба які ўжо сарвігалава, якому і мора па калена. Я, напрыклад, баяўся. А пры Юрку асмеліўся. Пагляджу-пагляджу на макушку Лёвы з Магілёва, і рука свярбіць. Ды што я, горшы за астатніх? Падсцярог момант, калі Юрка-старшына апусціў вочы ў спіс батарэі, і — пстрык! — па Лёвавай стрыжанай мазгаўні. Ды гучна так атрымалася, нібы па пустым гарбузу. Не паспеў Лёва і галаву павярнуць, каб глянуць, хто яго пачаставаў, як раздаўся металічны старшынскі вокліч:

— Сырцоў, выйсці са строю!

Я не адразу і ўцяміў, што гэта мне, так спадзяваўся на сваю беспакаранасць: за спінамі ж не відаць, ды і Юрка свой чалавек, не будзе ж ён земляка і таварыша перад строем зневажаць.

А ён зняважыў. Ды яшчэ і як. Праўда, маралі, як падпалкоўнік за спазненне на фіззарадку, не чытаў, але пакараў больш сурова, чым той. Маім вушам нават не верылася.

— За парушэнне дысцыпліны ў страі адзін нарад на кухню без чаргі! — абвясціў Юрка.

Можа, ён мяне не пазнаў? Стрыжаныя і ў аднолькавай форме, мы ўсе тут, нібы з інкубатара, усе на адну калодку шытыя. Я хацеў было сказаць: кінь, маўляў, Юрка, апамятайся, гэта ж я — Іван, але толькі рот раскрыў, а Юрка яшчэ больш сурова:

— За спрэчку з камандзірам — яшчэ адзін нарад!