Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 43

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Ёсць у нас і сакрэтны ад начальства вокліч «атас!», як і ў маракоў «палундра!». Скажам, прылёг ты на ложак у ненаkежны час і кімарыш, а тут — старшына. Таварышы абавязкова цябе папярэдзяць аб небяспецы: «Атас!» Коратка і зразумела — ратуйся, хто можа.

Звычайны шпак, мабыць, не ўсё і зразумеў бы, калі б пачуў, напрыклад, такую нашу размову:

— Табе не ціснуць гэ-дэ?

— Не, шкары ў самы акурат.

— То пойдзем іх пачысцім, а то скора рубаць.

— Ды каб хутчэй, а то хочацца кімарыць.

— А я днём не люблю, думаю сачкануць.

— Атас, Маятнік!

I размова сціхае. Падпалкоўнік страшэнна не любіць такой, як ён кажа, тарабаншчыны, за яе ён здымае з нас стружку, так што — «атас!». А наш «кэп» Захараў, пачуўшы такое, гідліва моршчыцца і замест маралі коратка гаворыць:

— Племя... мумбу-юмбу.

Але яны для нас пакуль што не аўтарытэт, да іх проста не даходзіць гэты шык і бляск. Уяуляю сабе, калі б мы з Санькам прыйшлі ў свае Падлюбічы і загаварылі гэткім чынам дома ці на танцах, вось бы там раты адкрылі. Адкуль ім пачуць такое. Сяло!

Санька. Гэта мая пакута, мой боль. Я ўжо тут да многага амаль прывык: да парадку, да раскладу, да пад'ёмаў і адбояў з іх мітуснёй і беганінай, ужо не ем, а рубаю, не сплю, а кімару. Не магу прывыкнуць толькі да аднаго, не магу змірыцца, што Санька цяпер мой непасрэдны начальнік. Мне усе здаецца, што цяпер ён не такі, як быў. Горды нейкі, ці што?

Ды і яму, відаць, са мной не мёд. Як камандзір ён павінен трымаць мяне ў строгасці, не дапускаць панібрацтва, але яно, гэта самае панібрацтва, іншы раз з яго само па сабе лезе. Як забудзе пра лычкі — свойскі хлопец. Адразу ў яго і размовы людскія:

— Гэта ж добра, Іван, што мы з табой матэматыку любім, а то не паступілі б.

А то ўздыхне і так скажа:

— А ў Міронавым садзе даўно, мабыць, грушы паспелі. Твой Глыжка цяпер аб'ядаецца.

У такія хвіліны мы сядзем побач, успомнім што-небудзь свае, што засталося па-за сценамі вучылішча, а то і заглянем у яшчэ няясную, але ружовую будучыню — крыху памарым. Ды яно і зразумела,— што ж яму цяпер сябраваць толькі з яфрэйтарамі?

I раптам яго нібы муха якая ўкусіць, зноў пачынае паказваць свой нораў. У канцы першага тыдня свайго ўладарання ён мне нават вымову ўляпіў. Я ўжо каторы вечар умудраўся класціся спаць у штанах, каб раніцай не кідацца нібы ўгарэламу на «фізуху», дык ён падгледзеў і засіпеў, як змей:

— 3-з-зараз жа распраніся! Аб'яўляю табе на першы раз вымову!

I з такім гэта ён запалам сказаў, што можна было падумаць: у другі раз аддасць пад трыбунал, якім нам ужо гразіўся падпалкоўнік, шкадуючы, што мы яшчэ не дараслі да вайсковай прысягі. Яшчэ гады два трэба, а каму — і тры.

А то аднойчы маю засланую пасцель раскідаў. Не так, бачыце, я заслаў. Ну, крыху была яна ўзгоркамі, крыху не цаглінай была падушка, бо ў ёй жа і не гліна, а штосьці мяккае, хоць і не пух. Вось ён адразу: сік-брык — гатова, засцілай, Іван, зноў. Самадур, а не Санька. Ох, і крыўдна мне тады стала.