Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 25
Iван Kiрэевiч Сяркоў
А трэці быў там з паўгадзіны. Што там генерал з ім робіць, чаму так доўга трымае? Смялейшыя спрабавалі нават падгледзець у замочную шчыліну — ні хваробы не відаць. Хлопцы затрывожыліся — і нездарма: выйшаў ён адтуль чырвоны, разгублены, нічога нам не сказаў, толькі ў роспачы махнуў рукой і падаўся моўчкі на вуліцу. А што тут гаварыць — не прынялі.
Пасля гэтага выклікалі мяне. Я пераступіў генеральскі парог нібы ў сне, пераступіў і адразу разгубіўся, бо зразумеў, што гэпаць па генеральскай падлозе маімі чаравікамі, як вучыў нас с Санькам той салага пры першым нашым з'яўленні ў вучылішчы, мабыць, нельга: падлога тут далікатная — не з дошак, а нейкіх клёпак у елку,— таму па бацькавай навуцы і пачаў рапартаваць з самага парога:
— Таварыш генерал!
I не пазнаў свайго голасу, быццам я свісток праглынуў, такі ён аказаўся тонкі. А мне ж трэба быць бойкім, смелым хлопцам. I, збіўшыся, я залямантаваў яшчэ гучней:
— Таварыш генерал! — і зусім заблытаўся.— З'явіўся... прыбыў... Сырцоў... па вашаму загаду... не — выкліку!..
Атрымаўся не рапарт, а гора, і будзе дзіва, калі мяне адсюль не вытураць за такі рапарт.
Генерала я пазнаў адразу, хоць за сталом сядзела трое: ён зусім сівы і старэйшы за астатніх, зусім не такі, як мне ўяўлялася. Я чамусьці думаў, што ў яго павінна быць пуза, як у туза, бо генералаў жа, мабыць, нішчымнай бульбай не кормяць, мабыць, ім і сала неўпоед, а ён сядзіць худоба худобінай, на шчоках глыбокія барозны зверху ўніз, адно што мундзір і залатыя пагоны, а так і не сказаў бы, што генерал. Афіцэры, што былі з ім побач, моўчкі ўсміхаліся, гледзячы на мяне, а сам ён — ні-ні, сур'ёзны, толькі сказаў:
— Не ўмееш і не трэба. Падыдзі бліжэй.
Тут і пасыпалася, нібы з мяшка: адкуль я, хто бацька, ваяваў ён ці не, хто яшчэ ў сям'і ёсць. Гэта ўсё цікавіліся афіцэры, і я адбіваўся ад іх як мог: дзе бойка адказваў, а дзе злятала з языка адно «ыгы». А генерал тым часам маўчаў, разглядваў нейкія паперы. Хоць бы ён спыніў іх, а то я ўжо і потам пакрыўся. Нарэшце абазваўся і ён:
— Па матэматыцы ў яго даволі прыстойна, нават пяцёрка ёсць...
I ў мяне камень зваліўся з душы: значыць, Баця за мяне. Правільна Юрка казаў, што ён справядлівы, а гэтыя прычапіліся як сляпы да плота — хто, ды што, ды адкуль?
— А вось што будзем з двойкай рабіць па дыктанту, а? — гэта ўжо генерал звяртаўся да мяне.— Што скажаш, хлопча?
А што я скажу? Сказаць мне няма чаго, я толькі стаю і сам сабе думаю: будзь ты чалавекам, генерал, паглядзі на мяне — я ж харошы. Ну, з кім не бывае? Але да яго мае думкі не даходзяць, ён разгаварыўся не на жарты. Яму не трэба невукі. Што такое афіцэр, ды яшчэ артылерыйскі? Ён павінен быць пісьменным, і не проста пісьменным, а шырока адукаваным чалавекам, каб разбірацца не толькі ў гарматах, ён павінен быць, нібы дома, і ў літаратуры, і ў мастацтве, і, калі хочаце, у музыцы. Афіцэр — гэта свецкі чалавек, а не салдафон з пустой галавой, за яго не павінна быць сорамна, калі ён выйдзе на людзі, каб на яго не паказвалі пальцам і не гаварылі: а яшчэ афіцэр! Ён павінен быць узорам для сваіх салдат, якіх яму давядзецца вучыць і выхоўваць, і наогул — для ўсіх. Афіцэрства не ў залатых пагонах, не ў зорках на плячах, а ў высокай культуры.