Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 23
Iван Kiрэевiч Сяркоў
— А як я ў гэтым пайду? Што я скажу?
А ў бацькі і тут свае козыры. Па-першае, генерал не з неба ўпаў і павінен разумець цяперашнія нашы дастаткі. А па-другое, размаўляць з ім не трэба. Яны гэтага не любяць. Гэта бацька на сваей скуры спазнаў. Яны любяць, каб ім толькі рапартавалі.
I тут бацька вылез з-за стала і паказаў, як гэта робіцца. А робіцца вельмі проста. Вось падыходзіш ты да генерала — руку да скроні і еш яго поедам вачыма, а сам у той жа час, не шкадуючы голасу, крычы: «Таварыш генерал! Іван Сырцоў з'явіўся!» I баяцца іх няма чаго. Бацька на фронце сутыкнуўся аднойчы нават з маршалам, і той яго не ўкусіў. А тут усяго генерал, ды яшчэ, мабыць, не самы важны, калі паставілі над такімі, як мы з Санькам.
А бабуля мяне з другога боку цярэбіць:
— Бяжы на возера ды хоць трохі памыйся, бо, калі па-добраму, дык цябе і адмочваць трэба.
Затым на Глыжку наляцела:
— Кідай сваю бульбу — не з галоднага краю, цэлая яна будзе, потым увамнеш.
Толькі брат вылез з-за стала — яна яму змылак у рукі і рагожу:
— Спіну патры не лянуючыся. Ды змылак не ўтапі, ідал бязрукі, я ўжо год яго берагу!
Увесь вечар у хаце было столькі тлуму, быццам на пажары. Не паспеў я з Глыжкам прыйсці з возера, вымыты дзеля заўтрашняга візіту да генерала чысцей за шкло, бабка похапкам пачала зашываць штаны, а потым пабегла іх праць на раўчак. Пакуль сонца сядзе, дык яшчэ высахнуць. А бацька знайшоў шавецкую лапу і ўзяўся падбіваць падэшвы на салдацкіх чаравіках, якія пачалі ўжо прасіць кашы. Затым ён наваксіў чаравікі дзёгцем, каб не былі такія каляныя і рудыя.
Вось ужо на вуліцы дзяўчаты і прыпеўкі пра лейтэнанта з маёрам заспявалі, мабыць, да іх яшчэ не дайшло, што мяне выклікае генерал. Але ў хаце да іх ніхто не прыслухоўваецца, яшчэ ўсім нам няма ўгамону. Бацька цяпер за цырульніка. Пасадзіўшы мяне пад самую лямпу, ён кароціць мне віхор. Я прашу, каб ён зрабіў «пад польку», а ён просіць, каб я не круціў галавой, а то зробіць «пад Катоўскага».
А бабуля тым часам гыркае на стале качалкай-рубчаткай — прасуе мае штаны, бо пасля мыцця іх нібы карова пажавала. З-за гэтага самага гыркання і прыпевак з балалайкай з вуліцы не чуваць.
У рэшце рэшт бабуля прышыла да каўняра кашулі замест згубленага армейскі гузік ад зношанай ушчэнт бацькавай гімнасцёркі і хукнула на лямпу. Усе ўгаманіліся і ляглі спаць. Вось як яно бывае, калі цябе знянацку пакліча генерал.
Ды яно і раніцай яшчэ адзін раз генерала ўспомнілі. Выйшлі мы, паснедаўшы, з двара. Бацька, бабуля і Глыжка, каб ісці ў калгас, а я — у вучылішча. Тут сустрэлася наша суседка, цётка Пёкла, паглядзела, што такі прыбраны і нават у чаравіках, быццам у сваты сабраўся, і спытала ў бабкі:
— Хіба ваш хлопец не ў калгас?
— Ат,— зняважліва махнула старая рукой і не то пахвалілася, не то паскардзілася,— маўчы, мая тайка, генерал жа во заве.
Атрымалася ў яе так, быццам гэта для нас звычайная рэч і ўжо знадаелі ёй гэтыя генеральскія перазовы горш за горкую рэдзьку.
Мы развіталіся, мне пажадалі ўдачы, і я з кволай надзеяй у душы адправіўся ў дарогу. Што яно будзе і як яно будзе — цёмная ноч. Добра было б, каб я спадабаўся генералу.