Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 21

Iван Kiрэевiч Сяркоў

А на вуліцы ўжо цёмна. Недзе затрынкала балалайка, дзявочы смех рассыпаўся пад вокнамі звонкім гарохам. Каля Скокавай хаты пачынаюцца танцы. Крутануўся я на другі бок, быццам прыпякло: хоць вы ў зараз медныя трубы зайграйце — не выйду.

I раптам каля самай нашай хаты дзяўчаты заспявалі прыпеўку, ды так гучна — хто каго перакрычыць, ды са смехам:

Запляту я ў косы бант, А мой мілёнак — лейтэнант. А як будзе капітан, Ён мне купіць сарафан!

Мяне нібы варам абдалі. Каб вам скулле ў глотку — а калі бацька не спіць? Вось гадзюкі, вось кобры праклятыя, дня не мінула — паспелі прыдумаць. Вось зараз выскачу ды спушчу Жука з ланцуга, але што толку, калі ён, чорт, не куслівы.

Я думаў, што на гэтым усё і скончыцца, а яны зноў:

Ой, дзяўчатачкі, я скора Падчаплю сабе маёра, Буду есць салодкі торт, Буду ездзіць на курорт!

Відаць-такі, бацька не спаў, а можа, спаў ды прачнуўся, толькі з яго ложка раптам пачуўся не смех, а нейкае прыглушанае кудахтание, быццам трохі і з плачам:

— Кху-кху-кху, каб вы скіслі, верціхвосткі. Глядзі ты на іх — і ў чынах разбіраюцца, і ў акладах.

I бабка са свайго кутка адгукнулася:

— Ідзі ты ўжо патрусіся трохі пад іх балабайку-хварабайку, а то будуць шчадраваць усю ноч, як пад Новы год.

Хутчэй жа іх балалайку шашаль паточыць, чым я пайду на тыя танцулькі пасля такіх прыпевак. Ды і Алёшка ж Скачок там будзе, з якім я не расквітаўся яшчэ за ранішні цырк. Не, няхай танцуюць цяпер самі, без мяне, хоць да упаду. А я, як толькі прыдбаюць мне новыя штаны, буду хадзіць танцаваць на Хутар. Там — гармонік з бубнам, а не задрыпаная балалайка.

I за прыпеўкі таксама разлічуся. Я ведаю, хто іх складае — Надзька Сіпакова. Яна яшчэ толькі школу канчае, а ўжо прыбілася да дзяўчат з нашага гурту, і не толькі прыбілася — пачала імі верхаводзіць, яны ўсе ёй у рот глядзяць. А было б там на што гляд-зець — нізенькая, кругленькая, нос піпкай і такая ўжо смяшлівая, быццам яе ўвесь час нехта казыча. I яшчэ — калі ў маёй Каці вяснушкі толькі на носе і дзе-нідзе на шчоках і толькі вясной, дык у гэтай рагатухі — круглы год ад вуха і да вуха, быццам яе хто знарок цагляным пылам напудрыў. Ёй скажаш:

— Ух, рыжая!

А яна:

— Ха-ха, што рыжэй, то даражэй!

Вось за гэта за ўсё ў яе і мянушка такая — Гарбуза.

3 гэтай самай Гарбузой мне і трэба разлічыцца за прыпеўкі. Яны ў яе самі з языка скачуць. Яна жыва не будзе, калі за вечар не прыдумае іх дзве-тры. I пра што хочаш, на што вока кіне. Вось каб і мне самому пра яе скласці што-небудзь смешнае. Хаця б так:

Ах ты, рудая Гарбуза...

А цяпер само просіцца — каза, просіцца, а не клеіцца.

Хіба вось так:

Ах ты, рудая Гарбуза, Як сідарава каза, Ты ў мяне паскачаш I горка заплачаш.

Так я і заснуў, больш нічога лепшага не прыдумаўшы. Калі б Санька — той змог бы, галавы не ламаючы, якую хочаш казу да гарбуза прыляпіць.