Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 20

Iван Kiрэевiч Сяркоў

А ўсярэдзіне — мірыцца можна. На кожнага каня станок, на кожным станку таблічка, на таблічках надпісы хімічным алоўкам: «Буланы», «Слепка», «Таптун», «Адольф», «Стрыгунок». Праўда, напісана карава і з памылкамі, але я сам потым перапішу, у мяне почырк добры.

Хамуты таксама развешаны па парадку — кожнаму каню свой. Вось гэта правільна, чужы хамут шыю табе намуляе да крыві, і не ўгледзіш калі. А што сядзёлкі і дугі абы-дзе — гэта недагляд, гэтак, прабачце, у гаспадароў не робіцца, мой дзед Мікалай не пахваліў бы. Калі я прыйду сюды, кожны конь не толькі хамут, а будзе мець усё свае, асабістае; я вазьмуся і за Пецьку, і за Каўрача, бо толку не будзе.

Стрыгунок сустрэў мяне і Глыжку радасным іржаннем, аж затанцаваў у станку. Разумнік мой, не забыўся. Не заездзілі яго тут без мяне? Не, не заездзілі. Чысты, гладкі, бакі крутыя, крыж надвое колецца. I хто б мог падумаць, што з таго карослівага, ледзь жывога з голаду жарабяці, знойдзенага намі з Санькам на лузе, вырасце такі прыгажун, што хоць ты яго — на карцінку ды ў рамачку? А можа, гэта толькі мне так здаецца? Не, і Глыжка згодзен, што можна ў рамачку.

Весела бяжыць наш Стрыгунок, распусціўшы хвост і грыву па ветры, ногі лёгкія, крок шырокі, бяжыць, аж калёсы грукацяць, падскокваючы на няроўнай дарозе. I пуга яму не трэба.

Добра ён цягне і воз са снапамі жыта, толькі гужы рыпяць. I чыста ўсё разумее: па роўнаму ідзе спакойна, а перад узгоркам сам бярэ разгон, як быццам хто яго навучыў, што так лягчэй. Глыжка перакананы, што Стрыгунок, калі мы што-небудзь пра яго гаворым, таксама ўсё цяміць. Нездарма ж ён у той час вушы натапырвае.

За працай на душы палягчэла, пакрыху пачало забывацца мае крушэнне на экзаменах у вучылішчы, быццам было гэта ўжо не дзень назад, а летась-пазалетась. Дзесяць вазоў мы з Глыжкам да вечара прывезлі, столькі, колькі і бацька рабіў. Пасля вячэры хацелася хутчэй упасці і заснуць. Баляць мае рукі-ногі, а спіна, што ў старога дзеда — не сагнуць. Але варта мне было толькі легчы, як зноў розныя думкі ў галаве, адкуль толькі і ўзяліся. Цікава, а што там Санька сёння дзень рабіў, мабыць, ужо і мундзір атрымаў, новыя чаравікі, ходзіць там і казырае. Ну, і няхай казырае. А я нікому казыраць не буду, я — птушка вольная. Шчасце вялікае — цягнуцца перад кожным у струну.

Затое я бульбай з кіслымі гуркамі павячэраў, а ён, можа, нават макаронамі. За ўсё жыццё мне адзін раз толькі давялося іх пакаштаваць, гэта тады, як у вайну ў нашай вёсцы італьянцы стаялі, дык іхні повар дазволіў кацёл падшкрэбці. Ой, і смачна было, увесь век еў бы!

Затым розныя клопаты па стайні мяне адолелі. Не прыдумаю, дзе ўзяць фанеры на новыя таблічкі коням, дзе хімічным алоўкам разжыцца. I вось яшчэ — ці варта ад дзеда Каўрача пазбаўляцца? Хто тады настроіць хамут, хто аброць сшые, калі яна парвецца? Гэтага, мабыць і Чыжык не ўмее. Задумаешся тут. Хаця мяне, можа, яшчэ і не паставяць конюхам, старшыня ці хто іншы ўпрэцца.