Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 19

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Ну калі тое і будзе, то хіба па восені, як снапы звязуць і бульбу пакапаюць,— сказаў раніцай бацька, пачуўшы пра мае намеры пайсці ў конюхі,— а пакуль што паставіць цябе брыгадзірка хутчэй за ўсё на мае месца — снапы вазіць, а мяне, відаць, пашле на малатарню, бо мужыкоў там мала, ды і тыя калекі.

А бабулі мае конныя задумы прыйшліся не па душы:

— Табе на кані гарцаваць, а мне штаны латаць? Дзе гэта я намеюся тых латак ды нітак?

— Там яно яшчэ відаць будзе,— супакоіў яе бацька, і мы пайшлі на калгасны двор, пайшлі ўсёй сям'ёй: наперадзе бацька з бабуляй, за імі я і Глыжка з пугай цераз плячо.

Нінка-брыгадзірка, чорная ад сонца, нібы галавешка, убачыўшы мяне, узрадавалася, як роднаму сыну.

— Вось малайчына, што вярнуўся ў брыгаду,— затараторыла яна, па-мужчынску здароўкаючыся са мной, а потым разанула сябе рукой па шыі,— мне мужыкі во як трэба.

Пакуль што ніхто з мяне не смяецца: мужчыны кураць пад кузняй, жанчыны гамоняць сваім гуртам. Нікому я не ў галаве. Дарма толькі ўчора, вяртаючыся з вучылішча, хаваўся ад людзей, нібы бадзяга з Сахаліна.

Але ў хлапечым гурце мяне сустрэлі зусім інакш.

— Здароў, афіцэр! — весела павітаўся са мной Косцік Скок, наш балалаечнік, і ўсе хлопцы рагатнулі, а Скачок — ён з тых, што дзеля прыгожага слоўца бацькі не пашкадуе,— пачаў клоуна з сябе строіць.

— Калі б вы бачылі, хлопцы, як ён на апошнія пагулянкі прыходзіў! — I пайшоў перад усімі вылузвацца: грудзі выгнуў дугой, нос задраў на неба, губы закапыліў і давай віхляць худым задам у дзіравых штанах. Усе так і пакаціліся ад смеху, нават гэты парсюк Глыжка засакатаў. Чые тут нервы вытрымаюць? Кінуўся я з кулакамі — і пачалася заваруха, і пакаціліся мы па мурагу. Але хлопцы не далі душу адвесці, наваліліся гуртам і разбаранілі. Клопат такі — адзін на адзін дзе-небудзь сквітаюся. Аднак калі тое яшчэ будзе, а мянушка ўжо да мяне прыліпла — Афіцэр. У вочы і за вочы. Давялося змірыцца — што ты зробіш? На ўсіх з кулакамі кідацца не будзеш — сам зубоў не напасешся. Ды і мянушка не такая ўжо крыўдная. Вунь аднаго хлопца з хутара Кастагрызам дражняць, і то прывык.

I вось пачалі разбіраць са стайні коней. Дарослыя дзядзькі выводзяць больш дужых і спакойных. Іх запрагаюць у жняяркі-лабагрэйкі — ёсць такія дзве на ўвесь калгас і ў іх абы-каго не запражэш, не кожны конь можа жаць. Іншага ў лабагрэйцы не ўтрымаеш ніякімі цуглямі, калі яна застракоча нажамі, нібы кулямёт, ды замахае зубатымі крыламі. У коней таксама нервы ёсць, як гаворыць Чыжык.

Больш маладых ды кідкіх разбіраюць хлопцы, што возяць снапы. Пайшлі і мы з Глыжкам выводзіць свайго Стрыгунка. Як будучы конюх, я пільна да ўсяго прыглядаюся: ці ёсць тут хоць які парадак. Здаецца, што ёсць. Стайня, праўда, нікудышняя. Да вайны дык была з бярвення, але яна згарэла, калі праходзіў фронт. А гэтую зляпілі на жывую нітку: толькі слупы драўляныя, а сцены — пляцень з лазы, абмазаны глінай. Многа дзе гліна абсыпалася, і скрозь дзіркі відаць вуліца. Трэба будзе пасля жніва сказаць Нінцы, каб хоць воз гліны прывезлі, ды ўсё замазаць — зімой дзьмуць будзе.