Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 18

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Так я яму і сказау за вячэрай, нават вокам не міргнуў. Трэба ж як-небудзь пасля ранейшай пахвальбы свой гонар ратаваць. I бацька толькі рукамі развёў — ну і ну, Саньку-замухрышку прапусцілі, а мяне, такога дзябёлага і вышэйшага за яго на галаву,— забракавалі. Тут у самы акурат заступілася за мяне бабуля:

— Чаго ты прычапіўся да чалавека? Санька не валяўся ўсю зімачку з сыпняком, а гэты ледзь выкараскаўся з таго свету. Думаеш, усё гэта бокам не выйшла?

I бацька паверыў.

Пазней за ўсіх заявіўся дахаты Глыжка. Яны з бацькам сёння з апошнім возам снапоў прыпазніліся, дык давялося хлопцу самому на луг каня ў табун адганяць. Убачыўшы мяне, брат кінуўся да стала:

— Ну што, Іван, узялі?

Бабка яго хуценька астудзіла:

— Ідзі памыйся, нячысцік мурзаты! Не бачыш, у чалавека гора — дахтары зарэзалі.

Нячысцік стаіць і вачыма лыпае — зарэзалі, а я жывы.

Генералы ўсё могуць

Ці мала кім можна стаць у жыцці. Хіба на артылерыі свет клінам сышоўся? Бацьку, напрыклад, нават болып падабаецца машыніст паравоза. Залез сабе ў паравозную будку, націснуў што трэба, павярнуў рычаг, даў гудок — паравоз пабег па рэйках, а ты сядзі і куры. Праўда, перад станцыяй ужо асцерагайся, тут глядзі, семафор адкрыты ці не. Калі адкрыты — шуруй сабе далей, ні на што не звяртай увагі, а закрыты — стой і пыхкай парай. Бацьку адзін знаёмы машыніст катаў на паравозе яшчэ да вайны, таму ён усё гэта і ведае. I мундзіры ў іх зараз не горшыя за афіцэрскія, толькі чорныя. Вядома ж, людзі больш каля вугалю. I пайкі ў іх, кажуць, па вайсковай норме. I грошы ім даюць добрыя. Чым не лацвей? А той знаёмы машыніст, калі яго папрасіць, дапаможа мне ўладкавацца ў іх школу — павучуся і буду таксама ездзіць на паравозе ды з акенца паплёўваць. Бацька напяваў мне гэта, пакуль і спаць не палеглі.

— А не хочаш — глядзі сам,— заключыў ён у рэшце рэшт і дзьмухнуў на лямпу.

Ляжу я, а вочы хоць выкалі — не спіцца, усё думаю, куды мне дзецца. Яно і настаўнікам было б нядрэнна, раней мне хацелася ім быць, і ў школе агітавалі, але тут, мабыць, нічога не атрымаецца. Не будзе рэшата бобу, як звычайна гаворыць бабуля. У тэхнікуме, кажуць, стыпендыя такая, што за адзін дзень можна праесці. Гэта, каб тэхнікум быў недалёка ад хаты, дык прыбег ды паабедаў, хоць нішчымніцай. Ды і з вопраткай туга — далей няма куды. Чуў я, як бацька перад сном уздыхнуў:

— Гэта ж цяпер, старая, нам на штаны хлопцу трэба разжывацца, ды і світку нейкую на зіму не шкодзіла б. Парсюка збыць, ці што?

Словам, нарабіў клопату той дыктант і мне і бацьку. Але няхай ён не вельмі журыцца — я і сам сабе зараблю. Падумаю добра і пайду ў прычэпшчыкі. Яны часта змяняюцца. Кажуць, што цяжка. Нічога, перажыву. На плузе за трактарам ездзіць — не пешкі хадзіць. Канешне, зямлі пад'ясі болей, чым хлеба, затое заробкі пастаянныя.

А лепш за ўсё — у конюхі, памагатым да Пецькі Чыжыка. Ён жа мой аднагодак, дык што я з табуном не спраўлюся? Праўда, з Пецькам даглядае коней і дзед Каўрач, але там таго дзеда столькі — адзін кашаль застаўся. Як на луг табун гнаць, дык на каня трэба падсаджваць, быццам на печ. Вось я на яго месца і стану. Таксама што ні дзень, дык працадзень, а то і паўтара.