Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 16

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Тут Санька не на жарт раззлаваўся, а я дык і зусім разгневаўся. Падумаеш — цацы! Бачылі мы такіх. Ды мы, можа, там, у сябе ў артылерыі, і не такіх паненак знойдзем. Пойдзем у звальненне ў горад і пазнаёмімся. 3 намі тады любая пойдзе. А яны няхай хіхікаюць. I ад уяўлення таго, як гэтыя зубрылкі будуць румзаць і кусаць сабе локці, калі мы пад крэндзель будзем гуляць з гарадскімі, адразу зрабілася лягчэй на душы. Але крыўда ўсё ж засталася. 3 ей мы і разышліся па хатах.

А раніцай усё гэта забылася. Мы былі ўжо ў вучылішчы, калі яно яшчэ толькі паснедала і строем з песнямі ішло ад сталоўкі, нам карцела хутчэй даведацца, ці прынялі нас.

Мы думалі, што будзем першыя, але ў спартыўным зале была ўжо процьма іншагародніх, якія жывуць у казармах, ды і мясцовых — хоць гаць гаці. Яны ўюцца каля сцяны, дзе вывешаны паперы, быццам мошкі мак таўкуць: адны падыходзяць, другія адыходзяць, трэція зноў вяртаюцца, вачам сваім не вераць, хто смяецца, хто руку сябру паціскае, а хто і стаіць моўчкі, апусціўшы галаву, або здзіўлена пазірае па баках — няўжо гэта праўда, што мяне не залічылі?

Санька ў спісе прынятых знайшоў сябе адразу і балюча пляснуў мяне па плячы:

— Ёсць!

А ў мяне — нібы вочы завязаны. Усе прозвішчы на сваю літару прачытаў і зверху ўніз, і знізу ўверх — няма. Сэрца — нібы ў калодзеж упала, і ногі ледзь стаяць.

— Не можа таго быць!— расхваляваўся і Санька.— Глядзі, каб куды так не ўціснулі, не па алфавіту. Не святыя ж яны, могуць і памыліцца.

Прайшліся мы з ім у дзве пары вачэй па ўсім даўжэзным спісе ад нейкага Анікеева да якогась Яцука — ніхто мяне нікуды не ўціснуў, няма мяне сярод тых, каго прынялі. Крыўдна да болю, я ледзь не плачу. Я ж так стараўся, так зжыўся з марай пра вучылішча, пра артылерыю, што лічыў ужо сябе без пяці мінут там, у казармах, у страі са звонкай песняй, каля гармат, і вось — на табе, як абухом па цемю. Кінуліся мы да другой паперы — адзнакі па дыктанту. Тут усё і высветлілася: Саньку — тры, мне — два. Вось дзе я спатыкнуўся, вось дзе пагібель мая.

Цяпер і Санька свайму святу не рады, ён таксама нібы апушчаны ў ваду, але спрабуе мяне суцешыць, маўляў, не ўсё тое і святло ў акне, што вучылішча. Жывуць жа людзі і без яго, не паміраюць. Ён сапраўдны сябра і дзеля мяне гатовы на ўсё:

— Хочаш, і я забяру свае дакументы? Пайшлі яны свіней пасвіць, каб я вучыўся ў іх без цябе.

I я веру, што гэта не проста прыгожае слоўца. Ён можа, ён такі. Але што мне з таго толку — сам не гам і другому не дам? Ён пад гарачку забярэ, а потым усё жыццё каяцца будзе, а я застануся вінаваты. Не хачу я, няхай вучыцца з богам. А мне заставацца вечным шпаком.

Тут адкуль ні ўзяўся Юрка, прыбег даведацца пра нашы поспехі і, даведаўшыся, толькі свіснуў:

— Ну і ну-у, і як ты, Іван, умудрыўся?

А чорт жа мяне ведае, вось умудрыўся ж. Пра што і не думаў, на тым спатыкнуўся. У школе менш чацвёркі ніколі не было, а тут як насланнё нейкае.

Але неўзабаве ўсё высветлілася. Юрка схадзіў у прыймовую камісію, кагосьці там папрасіў і вярнуўся з маім дыктантам.