Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 14

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Але, на наша здзіўленне, задачкі аказаліся лёгкімі. Рашылі мы іх не самыя першыя, але і не апошнія. Першы я паклаў ручку і пацёр далонь аб далонь ад задавальнення, а потым і Санька следам за дзедам. Калі мы, паклаўшы на экзаменатарскі стол свае рашэнні, выходзілі з класа, там яшчэ чалавек з дзесяць сядзела хто як: хто грыз ручку, хто ў глыбокай задуменнасці трымаўся рукой за галаву, хто шкроб у патыліцы. А яны кажуць — сяло!

На экзамене па алгебры нашы рады парадзелі, там-сям за сталамі ўжо сядзела па адным, але мы з Санькам ужо не так калаціліся, хоць зноў быў і той жа клас, і тыя ж парадкі, і тыя ж экзаменатары. Па чацвёрцы за геаметрыю ў нас было ўжо ў кішэні. Не такая яна і лютая тая чорная ў акулярах, як мы наслухаліся. Гэта хто двойку атрымаў, хто ўжо за парогам, для таго — канешне.

Пасля алгебры мы хадзілі па вучылішчы як свае, не ведаючы яшчэ і адзнакі. Гэта Юрка надаў нам упэўненасці. Прыбегшы ў вучэбны корпус, калі мы ўжо выйшлі з класа ў калідор, ён сам перарашаў нашы задачкі і сказаў, што ўсё ў нас правільна, менш як па чацвёрцы не будзе, калі мы чаго там не нахамуталі. А пасля гэтага павёў нас і ў сталоўку, дзе ён быў на той дзень дзяжурны. Праўда, там ужо ўсё паелі, але знайшлося і нам па поўным алюмініевым карцы кампоту і лусце добрага, сапраўднага хлеба, а не такога, як мы ядзім дома, у якім палавіна бульбы і рознай іншай мешані, каб мука так не разыходзілася. Словам, пасля алгебры мы ішлі з Санькам дахаты амаль шчаслівыя і сытыя. Я, праўда, быў менш сыты за Саньку. Са сваей лусты я нёс палавіну дамоў на пачастунак Глыжку.

Па фізіцы было вуснае апытанне. Трымцелі ўсе, як цюцькі на марозе! А са мной здарылася такое, што я ледзь не пасівеў. Той самы капітан, што быў і на матэматыцы, загадаў мне рашыць на дошцы задачу. Задача як задача — нічога мудрага, мы ў школе спраўляліся і не з такімі. Перамножыўшы кілаграмы на метры, я, хуценька знайшоў адказ і бадзёра далажыў:

— Атрымалася дзве конскія сілы, таварыш капітан!

I тут у класе як зарагочуць! Не ўсе, праўда, а толькі двое з тых культурных гогаляў, і асабліва у рабым летніку. У мяне і сэрца спынілася, вушы заняліся агнём: усё — праваліўся. Канец свету. Гляджу на дошку нібы на новыя вароты, і нічога не разумею, рука з мелам трасецца, не іначай у ліхаманцы. I раптам вушам сваім не веру.

— Малайчына. «Пяць»!— сказаў капітан і, звяртаючыся да веселуноў, дадаў:— Розніцы няма, што конскія, што лашадзіныя. Ён беларус. Фізіка на ўсіх мовах — фізіка, і смяецца той, хто смяецца апошні. Вось вы,— паказаў ён пальцам на рабы летнік,— ідзіце-тка да дошкі і пакажыце нам, ці ёсць у вас падставы рагатаць.

А я, толькі выйшаўшы за дзверы, нарэшце добра ўцяміў, чаму мяне паднялі на смех. А капітан! Не, гэта не каштан, а родны бацька. Хоць бы ён даў таму шляхціцу што-небудзь такое, каб той праваліўся. Яшчэ пабачым, як яно будзе. Мяне такі мае конскія сілы вывезлі, паглядзім, як ён выедзе на сваіх лашадзіных.

Мы з Санькам не ішлі дамоў, а таўкліся пад дзвярыма класа, каб дачакацца, як выйдзе той рагатун. Таўкліся і яго сябры.