Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 13

Iван Kiрэевiч Сяркоў

А ноччу мне нават саснілася бісектрыса. Не, не наша настаўніца па матэматыцы, не Мар'я Антонаўна, якую мы між сабой у класе так называлі з-за яе высокага росту і худзізны, а самая натуральная бісектрыса — прамая лінія з геаметрыі, якую і хлебам не кармі, а дай толькі падзяліць вугал надвае. Ляжу гэта я сабе на печы, а яна і заходзіць у хату — ні чалавек, ні звер, ні машына, а штосьці такое, як лінейка ці вяроўка, падзеленая на сантыметры і міліметры. I даўжынёй з качаргу. Я адразу скеміў: бісектрыса, хто ж яшчэ. Дзверы за ей, нібы ў казцы, самі зачыніліся, і яна пытае ліслівым голасам:

— Дзе ў вашай хаце вуглы?

Мне каб спалохацца, а я — ні грама, але сэрцам чую, штосьці яна нядобрае задумала, і пачынаю грубіць:

— А табе нашто?

— Дзяліць,— кажа,— буду.

I вось бярэ яна сваё дзяліла, падобнае на брыгадзірскую казу, якой мераюць поле, і пачынае з кута. Раз адмерала, два, тут мяне і зусім злосць узяла. Ах жа ты, думаю, хлудзіна няшчасная, цябе ж не прасілі, не звалі. Знайшлася гаспадыня на чужыя вуглы! I як закрычу ўголас:

— Не дам дзяліць, бацьку скажу!

А яна мяне як штурхне ў плячо сваей казой і бабульчыным голасам пытае:

— Што гэта ты дзяліць сабраўся?

А я толкам яшчэ не прачнуўся і мармычу:

— Вуглы дзяліць не дам!

— А хто іх збіраецца дзяліць? — здзівілася бабуля.— Здаецца ж, мірна жывём, бацька яшчэ не ажаніўся, мачыхі яшчэ вам не прывёў. А там бог святы ведае. Можа, яшчэ і давядзецца,— перавяла старая на сваё і ўздыхнула. А калі даведалася, што гэта ў мяне быў такі сон, і прадракла:

— Давучышся ты са сваёй анцілерыяй, што і не тое падзеліш.

3 дому мы з Санькам у той дзень выйшлі на досвітку і ў вучылішча прыйшлі рана — баяліся спазніцца. Ды і клопат у нас быў важны: сесці там, дзе не будзе той змяі ў акулярах, трапіць да спагадлівага маёра. Можа ж, хоць адным вокам што падгледзім, калі будзем гінуць.

Але то ўсё былі летуценні. Хто ў нас там пытаў, дзе каму хочацца сесці. Пастроілі групамі, як мы былі запісаны ў спісах, зрабілі пераклічку, і пайшлі шпакі, наступаючы адзін другому на пяткі, па класных пакоях — што нам з Санькам удалося зрабіць пры такой строгасці, дык хоць сесці за адзін стол. Усё ж такі, калі таварыш побач, спакайней. А на стале ўжо кожнаму па два аркушы паперы са сшыткаў у клетачку, а на паперы пячатка і нумар. Не пераменіш, не схітруеш. А калі ў клас зайшлі экзаменатары, не ведаю, як Санька, я ж проста абвяў увесь. Яна! Чорная і ў акулярах! Гэта ж каму не шанцуе, таго і бацька лупцуе. А з ей яшчэ і лысаваты капiтан у падмогу. Добры маёр камусьці іншаму дастаўся.

I што яны прыдумалі, змяя з каштанам? На дзвюх дошках напісалі розныя задачы, а потым паказалі, якому раду якую з іх рашаць. Ну і колькі той карысці, што селі мы з Санькам побач? У яго капітанская задача, а ў мяне — змяіная, у яго — на тупыя вуглы, а ў мяне — на вострыя. Тут не падгледзіш і не падкажаш, выграбайся сам як можаш. Ды і яны між сталамі шастаюць, нібы заведзеныя, боязна нават вокам скасавурыцца, не тое што галаву павярнуць. Правільна казаў Юрка: тут толькі трымайся.