Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 118
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Як і абяцаў, Лёва нас з Санькам сфатаграфаваў першых. Здымаліся мы каля гарматы, што стаіць на цэментаваным падмурку каля параднага пад'езда вучэбнага корпуса. Санька сеў на станіну і ссунуў пілотку набакір, а я, стоячы побач, паклаў яму руку на плячо, а ў зубы ўзяў афіцэрскі акурак з-пад «Казбека», спецыяльна знойдзены для такога ўрачыстага моманту. Няхай думаюць, што тут ужо і куру, і не абы-што. Праўда, за такі здымак ад камбата або ад каштана Захарава можа і нагарэць, бо курыць нам строга забаронена, яшчэ болып строга, чым у звычайнай школе. Але так прыгажэй. Без папяросы несамавіта.
Хоць Лёва раней на многіх ва узводзе і злаваўся, калі яго дражнілі скупым рыцарам з-за грошай, якія ён збіраў на сваю пакупку, але цяпер ягонае сэрца змякчылася, так што быў сфатаграфаваны і ўвесь узвод разам. Толькі вось узводная картка атрымалася такая, што трэба добра прыгледзецца, каб пазнаць, дзе на ей хто. Нейкая яна, быццам у тумане.
— Бой у Крыму, усё ў дыму,— сказаў на гэта Коля Кузняцоу. Наш фатограф і сам такога не чакаў і цяпер збянтэжана апраўдваўся, маўляў, яму папера такая трапілася.
А мы з Санькам атрымаліся нічога сабе — героі, і не ў такім ужо і тумане. Гэтае фота я абавязкова падару Каці: вельмі я тут сімпатычны. Няхай яе сяброўкі зайздросцяць. Не ў кожнай ёсць такі артылерыст.
Неўзабаве наступіла каманда складаць спісы з нашымі адрасамі — хто куды паедзе ў водпуск. Замітусілася батарэя, забегала, захвалявалася: цэлы год гэтага дня чакалі. Цяпер кожнаму хочацца запісацца першым, усе баяцца, каб нашы камандзіры чаго не наблыталі, усім хочацца хутчэй дамоў: Колю Кузняцову — у Маскву, Гецьману — у Рэпкі, Лёву — у Магілёў, Надару — у Грузію.
Адзін я спакойны і сумны. Спакойны таму, што мая хата блізка, мне не трэба выпісваць дакументы на дармавы воінскі білет, а сумны таму, што ці давядзецца мне ісці дамоў хоць пешкі. Камбат жа пагражаў трымаць мяне ўсё лета ў казарме, каб я вызубрыў нямецкую мову. А што, калі так і будзе?
I вось у разгар гэтай радаснай мітусні ў казарму, нібы з неба, упаў наш Пiскля.
— А вось ён і я! — звонка абвясціў ён аб сваім прышэсці. Гэта было так нечакана, што ўсе паглядзелі на яго, нібы на дзіва, нібы чалавек вярнуўся з таго свету. Чаго там граху таіць, некаторыя яго, між намі кажучы, ужо і спісалі.
— Ну як, што?— пасыпалася з усіх бакоў.
— Трывога была дарэмнай!— крыкнуў шчасліва Косцік.— Адбой! Старая прастуда.
Хлопцы закрычалі «ўра» і кінуліся гушкаць Пісклю на руках. I так ён ужо лётаў, што калі б у апошні момант не паспелі падхапіць, дык грымнуўся б аб жалезную спінку ложка. Было б тады з аднаго Пісклі двое.
Калі ўзвод угаманіўся, Надар Дадалішвілі, між іншым, у Косціка спытаў:
— Куды ў водпуск едзеш, дарагой?
Высветлілася, што, апрача дзетдома, Косціку ехаць няма куды. Але нічога, можна і ў дзетдом.
— Зачэм дзетдом? Паедзем у Грузію! — ажывіўся Надар і так пачаў запрашаць, так распісваць, што я і сам згадзіўся б там пабыць, калі б мне не трэба было ўсё-такі ў Падлюбічы. Падумаць толькі: і Надараў тата, і мама, і дзядуля Гурам, і бабуля Марыям там начэй не спяць — чакаюць Пісклю. А што ён там будзе есці! Вінаград, чабурэкі, а то і шашлык. Вах! Дарагі госць будзе наш Косцік у Грузіі.