Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 117

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Купілі мы мёд тады, калі ўжо не было ў каго выбіраць,— у апошняй за прылаўкам бабкі. Мёд у яе быў не саладзейшы, чым у іншых, але ж не заходзіць на другі круг, трэба і меру ведаць. Тут Санька не зморшчыўся, кіўнуў галавой: вось ён, маўляў, самы лепшы.

У палату да Косціка нас не пусцілі, але ён умудрыўся выйсці сам. На дварэ вясна, ужо сышоў снег, вакол шалеюць вераб'і, але ад ракі цягне сырым ветрам, і мы знайшлі пад сцяной будынка зацішны куток, дзе прыгравае сонца і дзе нас не знойдуць шпітальныя медсестры. На Косціку вялікі, не па росту, сіні бальнічны халат, з дарослай нагі тапачкі-шлёпанцы, і ў гэтых уборах ён здаецца нам яшчэ больш дробненькім і зусім няшчасным. Да таго ж ён прыкметна ў шпіталі пахудзеў, нос яшчэ больш завастрыўся, а пад вачыма сіне.

Пiскля нам абрадаваўся невядома як: горача ціснуў кожнаму рукі, шчасліва смяяўся, усіх нас хваліў:

— Ой, малайцы, што прыйшлі. Я ўжо зусім тут занудзіўся. Так хочацца ў батарэю, што ўзяў бы і ўцёк.

— Паспееш у батарэю,— суцешыў я яго і пажартаваў:— Пасачкуй крыху.

— Ага, пасачкуй,— уздыхнуў Косцік.— Кожны дзень уколы, пілюлі. Ну яго, такое сачкаванне.

Тут і хлопцы на мяне ўз'еліся:

— Ты скажаш таксама.

Нягледзячы на тое, што мы былі ў скрытым месцы, нагаварыцца нам не ўдалося. Толькі збольшага расказалі батарэйныя навіны, не паспелі яшчэ і ашаламіць яго маслам з мёдам, адкуль ні вазьміся — медыцынская сястра.

— Лямешка, гэта што за фокусы? — наляцела на Косціка яна.— Я ўжо з ног збілася, яго шукаючы, а ён тут прахалоджваецца. Марш у палату!

Мы паспрабавалі былі яе ўгаварыць, каб дазволіла Косціку пабыць з намі яшчэ, Коля-гусар адпусціў ей нават камплімент наконт цудоўнага характару, што быццам бачна па яе вачах, але нічога не дапамагло. Горш таго, яна накінулася і на нас, прыгразіла доктарам, каб мы не парушалі рэжым. Вось мымра!

Развітваючыся, Косцік раптам павесіў нос:

— Баюся, хлопцы, што справы мае кепскія.

Мы пачалі яго ўгаворваць, каб не браў у галаву, але ён безнадзейна махнуў рукой:

— Калі зноў рэнтген пакажа, могуць перавесці ў акруговы шпіталь, а хоць і зусім камісаваць.

I пайшоў, так больш і не аглянуўшыся. Па плячах, што ўздрыгвалі пад бальнічным халатам, можна было здагадацца, што ён заплакаў.

Цяпер кожную суботу наш узвод не есць масла, а ў нядзелю хто-небудзь адносіць яго ў шпіталь. Апрача нас, Косціку дапамагчы няма каму. Ён — дзетдомавец. Можа, нашы перадачы яму і дапамогуць, і пракляты рэнтген нічога не пакажа.

А мы ўжо не салаги

Экзамены прайшлі паспяхова. Я нават па хіміі чацвёрку нахімічыў. Нам прачыталі загад генерала аб пераводзе на другі курс, і цяпер мы — не салагі. Цяпер і нам можна глядзець на будучых першакурснікаў зверху ўніз. А яны ўжо ўюцца ля канцылярыі вучылішча, табуняцца на КПП — здаюць дакументы для паступлення. Ну і шпакі, глядзець смешна, такія яны палахлівыя, рахманыя, асабліва — дзярэўня. Я для іх — аўтарытэт, а Санька — яшчэ большы.

Збылася і мара Лёвы Белкіна: ён купіў-такі сабе патрыманы фотаапарат «Масква». У раскрытым выглядзе апарат уяўляе сабой чорны гармонік са шкляным вочкам на канцы — аб'ектывам.