Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 116

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Пакуль насіліся з маслам як чорт з дудой і Санька прыйшоў ад камбата. Акружылі мы яго гуртком: што? як? ці вельмі нагарэла? А Санька загадкава гэтак і гаворыць:

— Ну, хлопцы, трымайцеся на нагах, не губляйце прытомнасць.

— Ды што такое? Не цягні ката за хвост?

— Во! — урачыста паказаў Санька цэлую жменю грошай, ды і не абы-якіх — адны дзясяткі.

— Няўжо Маятнік даў? — разгубіліся ўсе.

— Ён! — пацвердзіў Санька і, стаўшы ў позу, пачаў перадражніваць падпалкоўніка: — На вашу адказнасць, сяржант. Пойдзеце ў звальненне, паспрабуйце купіць мёду для выхаванца Лямешкі, а па прыбыцці даложыце. Ды не гандлюйцеся, як бабы. Паводзьце сябе дастойна.

— Ну, малато-о-к,— толькі і сказаў на гэта Мішка Цыганкоў, маючы на ўвазе камбата. А мы ўсе проста аслупянелі. Вось гэта нумар выкінуў наш Маятнік. Хто б мог падумаць, што і ў яго ёсць сэрца?

Калі Санька сказаў, што з ім дазволена пайсці да Косціка ў шпіталь і яшчэ чалавекам пяці, тут наогул закрычалі «ўра». Ды гэта ж не камбат, а золата. Хто сказаў, што ён зануда. Не, над намі абы-каго не паставяць.

За снеданнем масла ўжо не еў увесь узвод, а не толькі наша аддзяленне. I камбат, шпацыруючы міма сталоў, гэтага не заўважыў.

I вось мы на чале з Санькам крочым у горад. Мы — гэта я, Коля Кузняцоў, Толік Гецьман, Генацвале і Лёва з Магілёва. Лёва нясе кацялок з маслам і ўсю дарогу канькае:

— Хлопцы, ну давайце па чарзе.

3 намі збіраўся пайсці яшчэ і Ваня Расошка, але ў апошні момант пагарэў: перад звальненнем падпалкоўнік правяраў, ці добра мы прыбраліся, і вытурыў Расошку са строю з-за гімнасцёркі, запэцканай фарбай. Вядома — мастак.

Разжыцца мёдам можна толькі на базары, і толькі там мы зразумелі, што не простая гэта справа — купіць добры мёд. Калі б яго прадавалі толькі напагляд, дык яно хутчэй можна выбраць, а то ж даюць і лізнуць з уласнага пальца. А ён адзін за другі саладзейшы.

Пачалі мы выбар у барадатага дзядзькі. Першы, як камандзір, лізнуў Санька, паплямкаў губамі і зрабіў выгляд, што прыслухоўваецца да смаку. За Санькам — я. Соладка, аж горка. За мной — Коля. За Колем працягнуў да лыжкі палец Гецьман, але Гецьману, Лёву і Надару лізнуць ужо не ўдалося: дзядзька схамянуўся і прыбраў лыжку, пашкадаваў:

— Іш вы, купцы-малайцы. Так і будзеце ўсёй камандай? А ў кармане вош на аркане.

— На, глядзі,— паказаў пакрыўджаны Санька падпалкоўніцкія купюры,— яшчэ і цябе купім!

— Ды я што? Каштуйце, калі ласка,— адразу змяніў пласцінку скупы гандляр.

Лёва быў працягнуў свой палец, але хлопцы на яго цыкнулі. Мы ўжо ўзлаваліся.

I адразу, убачыўшы, што мы пры грашах, увесь мядовы люд ажывіўся:

— Бярыце ў мяне, таварышы ваенныя, добры мядок, ліпавы!

— Лугавы! Лугавы! 3 розных кветак!

— Калі ласка, грачнёвы!

Лёва, каб зноў не застацца з носам, дзе не пярэчаць, ліжа адзін і той жа мёд і па два разы. Ды і ўсе мы добра насаладзілі ў роце. А Санька — вопытны базарны жук. Мы з ім у свой час нямала шчаўем пагандлявалі і ведаем правіла: хочаш купіць выгадна — не хвалі тавар. I Санька не хваліць, моршчыцца, а гледзячы на яго — і мы.