Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 119
Iван Kiрэевiч Сяркоў
— Згаджайся! — раяць яму хлопцы.
I Косцік згадзіўся.
Нарэшце вырашыўся і мой лес. Падпалкоўнік усё-такі мяне пакараў, але не так страшна, як гразіў. Усё лета сядзець у казарме і вывучаць нямецкую мову мне не давялося, а ўсяго двое сутак. Але што гэта былі за суткі? Кожны дзень — год. Там Санька ўжо ў Падлюбічах красуецца, а ты тут сядзі. Ды калі б жа проста сядзі, а то, калі ўсе раз'ехаліся, я і яшчэ двое такіх жа штрафнікоў пад камандаваннем старшыны-каптэнармуса разбіраем і выносім з казармы ложкі і розную іншую мэблю. Будзе рамонт. I ў гэтым наша шчасце. Апошні ложак вынеслі — няма дзе жыць — і нам аддалі адпускныя білеты.
I вось я дома. Бабка не ведае, куды мяне пасадзіць, і кожны раз пытае, што гатаваць — бульбу цэлую ці патаўчы. Бацька таксама глядзіць, нібы на карціну. Вельмі ён адабрае мяне ў вайсковай форме. Глыжка не здымае маёй пілоткі са сваей галавы. Не паспееш пакласці, ужо няма, на вуліцы.
А па вечарах — вядомая гісторыя. Толькі змеркнецца, ідуць дзяўчаты на пагулянку і, параўняўшыся з нашай хатай, пачынаюць пад самымі вокнамі:
Бацька дзе-небудзь на двары яшчэ курыць перад сном, а бабка порацца па гаспадарцы: абірае бульбу на заўтра ці мые посуд. I тут яна не праміне, каб не сказаць:
— Ну во, вераб'і сцішыліся — канарэйкі пачалі. Гэта не твая так тонка выводзіць?
А затым і паспачувае:
— А гора дзеўкам, асабліва пераросткам. Колькі хлопцаў вайна забрала. Дык ты ўжо хоць не гуляй абы з кім. Яны цяпер ліпучыя.
— Сам знаю, з кім гуляць! — злуюся я на бабку.
Іншы вечар дзяўчаты дапякаюць мяне прыпеўкамі:
Выдумалі яны і такую:
Папалі, як кажуць, пальцам у неба. Яшчэ пазаўчора я асмеліўся. Думаў, што Каця пасля гэтага пакрыўдзіцца і ўцячэ ў свой двор,— не, засталася.
На танцах адбыліся змены. Цяпер каля Скокавага двара, дзе дрынкае балалайка, таўчэцца ўжо наш Глыжка з такімі, як сам, а мы з Санькам і нашы дзяўчаты ходзім толькі на мост, што на шашы, дзе грае гармонік, куды дарога раней нам была заказана: праганялі.
Але і пад гармонік я позна не танцую. I не таму, што тут часцей за ўсё наярваюць «Сербіянку», а мне падавай цяпер «Падэспанец» ці танга. Ёсць у нас з Кацяй запаветнае месцейка, куды мы стараемся непрыкметна ад усіх хутчэй змыцца,— гэта лавачка пад вярбой каля Буслікавага двара, недалёка ад возера.
Цішыня. Веска спіць. На начной вадзе дарожка ад месяца. Мы з Кацяй марым. Вось стану я лейтэнантам, а яна настаўніцай. Тады...
Што будзе тады, пра гэта я і роднаму бацьку яшчэ не заікаюся. Ён жа можа і пасмяяцца. А ці не рана ты, скажа, думаеш пра сватоў?