Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 108

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Пасля генерала на сцэну нечакана выйшаў наш выкладчык літаратуры маёр Казлоўскі і сказаў нечаканыя словы:

— Аб'яўляюцца вынікі літаратурнага конкурсу, прысвечанага Дню Савецкай Арміі! Першае месца падзялілі выхаванец выпускнога курса Маеўскі і выхаванец першага курса Макавей!

Усё вучылішча запляскала ў далоні, і генерал таксама, а наша батарэя закруціла галовамі, шукаючы вачыма Саньку.

Тым часам маёра Казлоўскага змяніў на сцэне першы з паэтаў, незнаемы мне старшакурснік Маеўскі, і пачаў чытаць не што-небудзь, а... паэму. Чытаў ён бадзёра, гучна і складна, падмацоўваючы словы энергічнымі жэстамі. Адразу відаць — зух — і не першы раз пажынае лаўры. Аказваецца, яго ўсе тут ведаюць: па зале пайшоў шэпт:

— Ну, дык гэта ж Маеўскі.

Чаго-чаго толькі не было ў той паэме: і залп «Аўроры», і чырвоныя сцягі, прабітыя кулямі, і тачанкі, і танкі, і вераломныя ворагі, і наш суровы поступ. I ўсё ў склад, усё ў лад. Ну, думаю, чаго ж ужо наплёў Санька, што не паддаўся гэтаму Маеўскаму і таксама заняў першае месца? Здаецца ж, ужо нічога такога гераічнага і няма, чаго б не памянуў гэты паэт.

I вось Санька на сцэне. «Смялей!» — хочацца крыкнуць мне, бо хлопец зусім разгубіўся, пачырванеў, не ведае, куды дзець рукі, бездапаможна азіраецца на маёра Казлоўскага, і той яго жэстам супакойвае.

Нарэшце-такі ён набраўся духу і не сваім голасам абвясціў:

— «Рускі штык»!

— Гучней! — крыкнулі з задніх радоў.

— «Рускі штык»! — па-дзявоцку тонка пралямантаваў бедны паэт і ўжо не спыніўся, пакуль і не скончыўся яго твор.

А скончыўся ён хутка, таму што гэта была не паэма, а ўсяго кароткі верш.

Рускі штык. Яго спазнаў Радзімы нашай люты вораг. Яго Сувораў гартаваў...

Памянуўшы яшчэ Кутузава і маршала Жукава, Санька заклікаў нас «сухім трымаць заўсёды порах» і на гэтым змоўк. Я спалохаўся, што ён забыўся, як яно ў яго далей, але гэта было ўжо ўсё, канец.

Па-мойму, Саньку вучылішча апладзіравала яшчэ гучней, чым Маеўскаму, асабліва наша батарэя. А затым генерал уручыў яму цэлы стос кніг і паціснуў руку.

Вось як яно бывае: я думаў, што вершы нам у артылерыі не трэба, а тут генерал за іх падарункі дае і цісне рукі.

Калі шчаслівы Санька сеў побач са мной на сваё месца, усе пацягнуліся да кніг, усім захацелася на іх паглядзець. А і ёсць на што: «Аповесць пра сапраўднага чалавека» і два таўшчэзныя тамы Пушкіна. А галоўнае — усе яны з генеральскім подпісам і пячаткай.

Канцэрт таксама быў цікавы. Зводны хор вучылішча так спяваў «непобедимая и легендарная», што ў клубе дрыжалі шыбы. Медсястра Люся тонкім голасам выводзіла «Синий платочек». Але па-сапраўднаму развесяліў усё вучылішча наш Мішка Цыганкоў. Ён моўчкі, без адзінага слова паказаў, як рыбак рыбу вудзіць, і ўсе браліся за жываты. А генерал нават слёзы выціраў хусцінкай. Пра Саньку ў той момант усе быццам і забылі.

Але перад адбоем у казарме ў нас толькі размоў было, што пра яго перамогу на конкурсе. Кніжкі з генеральскім подпісам хадзілі па руках. На іх устанавілася чарга — хто за кім будзе чытаць.