Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 107

Iван Kiрэевiч Сяркоў

А потым, разгарнуўшы сшытак, пачаў уголас чытаць, працягнуўшы свабодную руку ў прастору:

— А. Макавей. «Элегія». Прысвячаецца С.

Хлопцы сцішыліся, а Піскля спытаў:

— А што гэта такое — элегія?

— Як што? Жыццё, і слёзы, і любоў,— не палез за словам у кішэню чытальнік.— Словам, ціхі смутак. I не задавай толькі такіх пытанняў выкладчыку літаратуры — схопіш двойку, турак.

I, адкінуўшы артыстычна галаву назад, ён пачаў шпарыць па Санькаваму сшытку:

Куды б мяне ваенны лёс ні кінуў — У дальні гарнізон ці ў нечаканы бой,— Мне не забыць цябе ні на хвіліну, Заўжды мне будзе сніцца вобраз твой!

Хлопцы заржалі на ўвесь клас, пасыпаліся воклічы:

— Во дае!

— Ну і ўлопаўся пііт!

— Акын!

А Мішка Цыганкоў, малітоўна склаўшы рукі, з пакутніцкім выглядам узняў вочы ў столь і шэпча:

— Ах, вобраз... ах, не забуду...

Мне трэба было заступіцца за Саньку, але я не паспеў: якраз на «вобразе» ён і з'явіўся ў клас сам і адразу рынуўся на дэкламатара, чырвоны і раз'юшаны. Магчыма, што дайшло б і да рукапашнай, але Коля аддаў «элегію» без супраціўлення.

— Здаюся,— міралюбна сказаў ён і падняў руку ўгору.

Наступіла няёмкае агульнае маўчанне.

Каб разрадзіць атмасферу, Мішка Цыганкоў паспрабаваў звесці ўсё на жарт. Ён заклаў рукі пад папругу, захістаўся, як гэта робіць падпалкоўнік Асташэўскі, і падпалкоўніцкім голасам загаварыў:

— Таварыш Макавей, вы павінны выйсці са сцен вучылішча добра падкаванымі, а вы займаецеся чорт ведае чым!

Гэта было вельмі смешна, але Санька жарт не ўспрыняў.

— Заткніся, цыркач,— сурова адрэзаў ён і хмуры сеў на свае месца, пры гэтым сшытак дэманстратыўна адкрыта паклаў на стол.

— Фу-ты ну-ты — пііт! — насмешліва кінуў на гэта Мішка.

3 гэтага часу такая мянушка за Санькам і замацавалася. А калі ўжо вельмі хочуць яго дапячы, тады называюць і зусім вершаплётам. Казаў жа я яму як чалавеку: плюнь ты на сваю паэзію. Дык не, хоць кол на галаве чашы. Нават цяпер, пасля агульнага асмяяння «элегіі», ён не заракаецца і крэмзае свае рыфмы на розных чарнавіках і прамакатках. Праўда, свой сшытак ужо схаваў так, што і я не ведаю, дзе ён.

Доўга і мужна пераносіў Санька насмешкі, адбіваўся ад цікаўных, калі тыя прыставалі з роспытамі, што гэта за таямнічая С, вобраз якой яму сніцца. Чапляліся і да мяне, бо я гэта павінен ведаць. Ага, трымай кішэню — так і скажу, што гэта Соня-Кучараўка. Можа, ім захочацца ведаць, чый вобраз і мне сніцца?

I вось мы самі таго не заўважылі, як дажылі да свайго свята — Дня Савецкай Арміі. У гэты дзень нам адмянілі заняткі. У гэты дзень у нас быў святочны абед — макароны па-флоцку і па дзве порцыі фруктовага кісялю. А ўвечары, начысціўшы гузікі і спражкі, мы пайшлі ў клуб на канцэрт.

Спачатку наш Баця — сам генерал — выступіў з прамовай. Вельмі было прыемна слухаць, як ён гаварыў, што на нас спадзяецца народ, што мы цяпер — яго абаронцы. Між іншым, ён пахваліў і нашу батарэю. Падпалкоўнік Асташэўскі пры гэтым, седзячы за чырвоным сталом прэзідыума, расправіў плечы і горда павёў галавой. I мы таксама з ганарком пачалі аглядвацца на старшакурснікаў. З'елі? А то ўсё — салагі ды салагі.