Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 25

Адам Глобус

А вось у мяне вельмi слабыя кар’ерныя здоль­насцi. У Артэку, дзе было столькi розных пасадаў, я не займаў нiводнай. Не быў абраны нi старшынёю рады дружыны, нi старшынёю атрада, нi старшынёю пакоя, нi нават звеннявым. Таму на ўсiх лагерных фотакартках стаю з краю. У гэтым нiчога кепскага няма, бо калi чалавека ўмоўна прызнаць не чаротам, якi думае, а сцяблiнаю, якая затрымлiвае святло, дык з краю святла якраз i болей. І калi чалавечыя статкi кампануюцца не па прынцыпах раўнамернага размеркавання сонечнага святла, дык не я ў тым вiнаваты. І не я першы заўважыў — Бог не роўна дзелiць. І выправiць гэта не выправiш. Хiба што сам сябе падманеш цi прымусiш падманваць iншых.

Вось i ў Артэку я паўдзельнiчаў у непры­стой­насцi. Чорт пацягнуў за язык, i я задаў важатай Галiне з Ноўгарада сакраментальнае пытанне: «Чаму вы не любiце мяне?» Цудоўна разумеючы, што пра такое нельга пытацца, я не ўтрымаўся, як петразаводскi Ваня не стрымаў сваёй нянавiсцi да беларускай мовы. Бывае. І ў мяне быў не самы горшы варыянт, тым больш — Галiна сказала: «Ты, Адаме, памыляешся. Я вельмi цябе люблю!» Важатая з гiтлераўскiм чубком мяне ненавiдзела, яна любiла петразаводскага Ваню, якому я выбiў разцы. Але маё, зададзенае пры ўсiм атрадзе, пытанне загнала яе ў сiтуацыю, у якой, абвяргаючы мяне, давялося засведчыць любоў. Парадокс. Ну адно ў яе апраўданне — любоў наша была зусiм кароткая, як i ва ўсiх артэкаўцаў. Калi я вяртаўся з Артэка дамоў, дык вёз цэлы нататнiк адрасоў i тэлефонаў, а патэлефанаваў толькi Сяргею з Мiнска, i тое каб аддаць пазычаныя спартовыя штаны. Болей нiколi нiкому не пiсаў i не тэ­ле­фанаваў. Каб той нататнiчак захаваўся, я б сён­ня, можа, i затэлефанаваў бы якому жыхару блi­жэйшага замежжа, а можа i не. А­дно ведаю дакладна — дзяўчатам я б не званiў.