Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 2

Адам Глобус

Ну, хоць бы той жа ваенрук Мухiн, уяўляеш? Глянуў ён на мяне i бачыць майстэрню Радэна, поўную аголеных кабет, якiя гуляюць мiж розных бронзавых думальшчыкаў i грамадзян горада Кале. А замест Радэна я сяджу на крэсле i раблю мядовай акварэллю накiды. Мухiн бы зайшоўся ад злосцi. Каб я кнiгу пра вайну чытаў, нават гiстарычную, пра беларуска-расейскую вайну VII стагоддзя, i тое б не так зазлаваў, а тут... Ён жа не ведаў, што скульптарка, якая зляпiла гэтых саўдэпаўскiх рабочага з сялянкаю трыццацiметровых з пудо­вымi сярпамi i малаткамi, таксама насiла такое прозвiшча — Мухiна. Якi серп? Якi молат? Вось аўтамат Калашнiкава — рэч! А я аўтамат нена­вi­дзеў люта. Дый чорт з iм, з аўтаматам. Не пра тое гаворка. А пра маё самае першае каханне да Вольгi Пакроўскай, з якой сядзеў на вайсковай справе за адным спiсаным рознымi гадасцямi сталом.

«Мухiн — дуб!», «Вайскоўцы — людажэры!», «Ненавiджу вайну. Любоў — наш сцяг!» Усё такое пацыфiсцкае. У нас уся вучэльня была з па­цыфiстаў доўгавалосых. І я насiў тады доўгiя валасы, яны вiлiся i тырчалi ў розныя бакi. Жахлiвае вiдовiшча. І нязручна. Толькi як жа я без валасоў? Валасы таксама сцяг пацыфiзму. А самыя доўгiя валасы ў вучэльнi насiў Сяржук Шавец. Ён, як i Вольга, вучыўся на скульптурным. Сяржук быў з Гомля i ўсiм казаў, што самыя прыгожыя дзяўчаты ў Гомлi. Выдумляў. У семнаццаць усе дзяўчаты прыгожыя. А што да Сержука, дык ён зусiм у дзяўчатах не разбiраўся. Пазнаёмiцца з якой, прывядзе ў майстэрню, пасадзiць i мяне клiча, каб спытацца, прыгожая цi не. Бывае, такое прывалачэ, што ажно дзiўна, дзе яно такое вядзецца-плодзiцца. Але я нiколi не казаў, што ягоныя самкi — каракацiцы.

Толькi аднаго разу, калi гадзiн у адзiнаццаць ве­чара на вакзале мы знялi чатырох дзявуль, я не вытрываў i сказаў: выпiць вып’ю, а ад усяго астат­няга адмаўляюся на карысць неграў. А ён застаўся i падчапiў трыпер, пранцускi насмарк. Ты б толькi бачыла тую ласiху. У яе каленi, ну проста жах; такiм каленам калi садануць пад зад, дык метраў семсот ляцецьмеш. Не каленi, а нейкiя голеныя салдацкiя патылiцы. А Сяржук палез памiж тых каленяў, i знайшлася радасць. Прыходзiць i просiць мяне ў аптэку схадзiць па бiцылiн, бо яму не далi. У аптэцы я нагаварыў пра хворую цётку i пра памяты рэцэпт, бо ў цёткi калоцяцца рукi — што яна нi возьме, усё пакамячыць, чытаць зусiм не можа, у яе галава трасецца, i таму цётка толькi радыё слухае. Гэта ўсё праўда, толькi не пра маю цётку, а пра мацi Светы Сухадольскай, з якой я ў адным класе вучыўся. У Свецiнай мацi была хвароба Паркiнсона. Яна i года не пражыла з паганай хваробаю. Увесь клас хадзiў на пахаванне...

Але якое дачыненне хвароба Паркiнсона мае да бiцылiну? Не ведаю. І ўсё ж далi мне ў аптэцы пачак ампулаў i сказалi, каб больш не прыходзiў. А Сяржук узрадаваўся i адразу ж у майстэрнi сам сабе зрабiў укол. Укалоўся i кажа, што ёсць бутэлька вiна, толькi пiць яму цяпер цэлы тыдзень нельга, i ён прапанаваў выпiць мне. Я сказаў: адзiн не буду, семсот пяцьдзесят чарнiла мне зашмат. І Сяржук прапанаваў выпiць палову Вользе Пакроўскай. Я ж табе казаў, што яны скульптары, таму ў адной майстэрнi займалiся. І мы сядзелi ўтраiх сярод глiняных Венераў, загорнутых у цэлафан i анучы. Вiно падзейнiчала на мяне дзiўным чынам — я заўважыў раптам, якая прыгожая Вольга. Раней не заўважаў яе вачэй, яе вельмi жаноцкай пластычнай паставы. Ну, сядзела побач са мной зграбная дзеўка. Пра большае i не думалася. А ў майстэрнi за пляшкаю вiна ўбачылася, што Вольга вельмi падобная да знакамiтай Венеры, адшу­канай у Мiласе. Вось так i знайшлася мая Венера — Вольга Пакроўская.