Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 5
Адам Глобус
Я казаў, што тэлевiзар не люблю, дык вось тэатр я ў мiльён разоў больш ненавiджу. А тут пабег i ўзяў два квiткi на спектакль «Салдаты». І яшчэ ў касiркi спытаўся, цi добрая п’еса, а яна, дурнiца расфарбаваная, свае вусны малiнавыя падцiснула i сказала, што п’еса блiскучая, i на прэм’еры драматург пачаставаў яе шампанскiм. Якi ж ён празорца, гэты драматург! Ну, проста Саламон. Вось так i трапiў я ў пастку. І з такiм цудоўным настроем, бо Вольга адразу пагадзiлася iсцi глядзець п’есу «Салдаты». А напярэдаднi яна пафарбавала валасы ў чорны колер. Калi па шчырасцi, дык мне больш падабалiся яе сапраўдныя русыя валасы, якiя былi ў яе ў траўнi. А перад самай бульбаю яна iх выбелiла i закруцiла ў дробныя-дробныя кудзеркi. І яе называлi «залатое руно». А ў тэатр я iшоў з брунеткай, такой вугальна-сiняй, такой яркай: вусны чырвоныя, а вочы шэрыя, светлыя... Сукенка на маёй тэатральнай спадарожнiцы была цёмна-блакiтная, нават светла-сiняя, i вельмi пасавала да чорнае фрызуры. І рыдыкюль i чаравiчкi былi чорныя, скураныя i вельмi зграбныя, i не скажаш, што Вольга скульптар, а не мадэльер.
Зайшлi мы ў тэатр, ходзiм па фае, а ў тэатры нiкога няма. Да пачатку «Салдатаў» застаецца хвiлiнаў дваццаць, а ў тэатры толькi я i Вольга. Прыехалi, як кажуць. Толькi ж я яшчэ не ведаў, на якую кiрзавую вайсковую станцыю мы трапiлi. Раптам у вестыбюль пачалi заходзiць салдаты, i зусiм не тэатральныя, а самыя сапраўдныя. І набiлася iх поўны тэатр. Уяўляеш, поўны тэатр гiмнасцёрак i стрыжаных патылiц, а з цывiльных толькi я, Вольга i кантралёркi. Мяне аж у пот кiнула, ну так непрыемна, што проста жах. Ішоў з дзяўчынаю ў тэатр, а трапiў ў клуб вайсковае часткi. Мне захацелася выпiць, але як падумаў, што ў буфеце поўна смярдзючых вайскоўцаў, так адразу i перахацелася. Я павёў Вольгу ўздоўж сцяны, а сам усё за дзверы торгаў. У мяне новая iдэя з’явiлася: зайсцi ў якую ложу. Хоць тут пашанцавала. У адну з ложаў мы ўсё ж патрапiлi i селi ў досыць зручныя фатэлi. І мне зрабiлася добра, хвiлiнаў пятнаццаць у мяне быў цудоўны настрой, бо, па-першае, я пазбавiўся ад радасцi бачыць савецкае войска, а па-другое, я трымаў за руку Вольгу. Як вёў яе ўздоўж сцяны, так руку яе i не выпусцiў, i яна не забiрала.
I мы сядзелi ў мяккiх фатэлях i глядзелi на чырвоную заслону. Пакуль яе не паднялi, я быў самы шчаслiвы чалавек, прынамсi, у мiнскiм Тэатры юнага гледача. Але заслону паднялi. I калi ў цябе з’явiцца жаданне сапсаваць каму-небудзь настрой, дык падары яму квiток на спектакль «Салдаты». А змест п’ескi я табе перакажу.
Тры салдаты сядзяць i гавораць. З iх размоваў можна даведацца, што яны i не салдаты зусiм, а салдацкiя душы, хоць з выгляду яны ўсе шмэндрыкi-акторы, якiх пераапранулi ў форму, толькi форма на iх сядзiць па-дурному, бо яна ўся новенькая, толькi што з фабрыкi цi ад тэатральнага краўца, цяжка ў такiх выпадках быць дакладным. Гузiкi на салдатах-душах-акторах блiшчаць, папругi i боты парыпваюць, а медалi пазвоньваюць. А яны па чарзе ўстаюць i прагульваюцца па сцэне, як iндыкi на падворку ў гаспадынi, у якой я жыў, калi бульбу капаў. Прагульваюцца салдаты i ўспамiнаюць, хто як жыў, каго кахаў i дзе вучыўся да войска. І адзiн з гэтых бутафорскiх салдатаў савецкага войска, вядома, грузiн, другi — рускi, ён жа i беларус (у аўтара не праяснена, ён з нейкага памежнага мястэчка, здаецца, з Мсцiслава, i ўвесь час блытаецца, цi то кажа «ў нас рускiх», цi «а на Беларусi»), карацей, другi — савецкi чалавек без нацыянальнасцi, якi, мiж iншым, вельмi любiць мацi; а трэцi, як можна здагадацца, — хахол. Потым да iх яшчэ падыдзе чацвёрты, ён, як высветлiцца, камандзiр танка i памёр у шпiталi, таму ягоная душа i спазнiлася да пачатку спектакля. І так хвiлiнаў дваццаць пяць яны разважалi, прахаджвалiся i пакурвалi. Натуральна, палiлi на сцэне, i дым цягнула ў залю, дзе сядзелi самыя сапраўдныя салдаты, якiм захацелася курыць. Яны i ўставаць пачалi, i ў прыбiральню сыходзiць, яны ўсе сышлi б, каб афiцэр не стаў на выхадзе i не пачаў сiпець. А я таксама збегаў пакурыць. А калi вярнуўся, на сцэне ўжо стаяла жанчына, як вынiкла з размоваў — мацi камандзiра, душа якога спазнiлася на пачатак.