Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 6

Адам Глобус

Мацi сказала салдатам-душам, што яна ганарыцца iмi, бо яны героi. Здохнуць можна ад гэтага пафасу, ну, проста седзячы ў тэатральным фатэлi ўтрупянець i кончыцца, а не згарэць у танку, як выдуманыя драматургам салдаты. Гэта таксама я дазнаўся з гаварыльнi. А згарэлi яны ў танку, бо танк перакулiўся, бо iшоў ён па горнай дарозе, а на дарогу выбегла дзяўчынка, а камандзiр узяў на сябе ўсю адказнасць, дзяўчынка засталася цэлая, а вось танк упаў са стромы на камянi, разбiўся i ў дадатак згарэў, толькi камандзiр паспеў вылезцi з ахопленай полымем баявой машыны, i яму яшчэ давялося пакутаваць i памiраць у шпiталi, дзе ў камандзiра паспела закахацца медсястра, якая, калi ў сапраўдным жыццi спiць, дык пераносiцца ў царства мёртвых, дзе прызнаецца ў каханнi да пакутнiка-камандзiра. Вось такая абракадабра з падтэкстам.

Пра падтэкст скажу пазней. Бо толькi медсястра прызнаецца ў каханнi i сыходзiць, як адзiн з былых танкiстаў, самы дробненькi рускi-беларус, нахабна кажа былому камандзiру, што ён героем быць не хоча i што камандзiр быдла, бо загубiў з-за адной дзеўкi ажно чатыры душы. Дзiўна, што i на тым свеце званнi захоўваюць сiлу. Дык вось, камандзiр пачаў супакойваць байца рознымi развагамi пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Толькi каштоў­насць распаўсюджвалася адно на дзяцей, а салдат яна зусiм не тычылася. І тут упала заслона. Антракт. І сапраўдныя салдаты загулi, загаварылi ды пацягнулiся ў фае. А я з Вольгаю i не выйшаў з ложы. І куды я мог выйсцi? У фае, дзе сто тысяч галодных салдацкiх вочак утаропiлiся б на дзяўчыну? Не! Так i праседзеў цэлы антракт, па­сля якога падзеi на сцэне цяклi наступным чынам: дробненькi, якi не хацеў быць мёртвым героем, а хацеў быць жывым дзетазабойцам, намерваўся набiць морду камандзiру, але яго доўга не пускалi грузiн з хахлом. Грузiн гаварыў з грузiнскiм акцэнтам. Па-беларуску, i з грузiнскiм акцэнтам! Цырк, а не тэатр. А хахол увесь час укручваў украiнскiя прымаўкi. Трымалi яны, трымалi, гаварылi-гаварылi з акцэнтамi i прымаўкамi, а потым узялi i адпусцiлi. Пэўна, таксама хацелi быць жывымi дзетазабойцамi. А можа, i памыляюся.