Читать «Крокі па старых лесвіцах» онлайн - страница 8

Людміла Рублеўская

БАЛАДА ПРА ФРАНЦА САВІЧА Птушкі белыя паселі На зжаўцелую траву. Як жывеце, доктар Гельгег? Дзякуй богу, шчэ жыву... Снежань зноў шатры раскінуў Каля кожнага двара... Як вам, доктар, у Расіі, Без Палесся, без Дняпра? Без імя, без родных песень, Без курганістай зямлі? Можа, вы ў мясцовым лесе Кветку-папараць знайшлі? Да зямлі святочна белай Сонца хіліць галаву. Як жывеце, доктар Гельгег? Дзякуй богу, шчэ жыву. Ці радзіма там жывая? Бо яе баяцца — цэлай, Разам з мовай разрываюць Свае дурні і паны. Бо яе баяцца—цэлай I сярод Еўропы ўсёй Белае чвартуюць цела, Каб змяшаць з чужой зямлёй. Ці ўратуецца на свеце Той куток святой душы, Дзе удасца мне нарэшце Францам Савічам пажыць? ...А зіма сувоі сцеле, Сыпле бель на галаву. Як жывеце, доктар Гельгег? А хіба я тут жыву? КАХАННЕ АДАМА МІЦКЕВІЧА Жыццё не б'е — падножкі ставіць, Але бязлітасна і злосна. Зялёнай птушкай сядзе травень На след, што выбілі калёсы. Жыццё. Марыля. Караліна. Жанчыны — вусцішная радасць... Расстанне доўжыць каляіны, Сустрэча марна сэрца паліць. Схавала мокрая залева Чарговы і варожы горад. У шлях, Адаме! Ваша Ева Збаялася, што яблык — горкі. Грукочуць колы. Душаць травы. Жаданы ліст дашлюць запозна. Жыццё не б'е — падножкі ставіць, Але бязлітасна і злосна. ВЕРШЫ I ЖЫЦЦЁ Ёй вершы складае Максім, Ды вершаў Яна не чытае. Над садам спускаецца дым І сонца чырвоны акраец. З ім птушкі дадому ляцяць З чужога, часовага раю... — Няма ў тваіх вершах жыцця Гаворыць Яна — і знікае. Як птушка. Малінавы цень. На поўдзень — дзе ясна і цёпла. І ліўнем паўторыцца дзень Над садам, навечна прамоклым. Паэт на цяпло не ляціць. З Радзімы — на поўдзень — да смерці. Ад вершаў — захочацца жыць, Ад лёсу — захоча памерці. І вернецца птушка. Званы Сустрэнуць яе на світанні. — Максім! — Толькі вершы адны. I ў вершах — жыццё. I каханне. ПАЭТ I ЎЛАДА Хлопчыку дазволілі загінуць. Хлопчыку са скарбам у душы... ...Помніш, быў садоўнікам Скарына, Ну а Колас мытарам служыў, Багдановіч вывучаў законы... А закон пляваў на божы дар — Быццам дыяментавай каронай Забіваць цвікі прыдумаў цар. Бо для ўлады чалавек — што куля, Хоць са срэбра — абы ў ствол загнаць. ...Ці ж вясковай зразумець матулі, Кім сынок забіты мог бы стаць? За абраз яго схавае вершы — Для яе ён — сын, а не паэт, I таму — адзіны і найлепшы. І таму— яго не ўспомніць свет. Разбірацца ўладары не любяць, Дзе з каго найбольшая карысць. і жыццё ляціць на вецер трубны — Павуцінкі срэбраная ніць. ...I Багрым з ружжом па пляцы крочыць, I нацдэмаў сцеражэ Гулаг. ...І ў зямлі чужой зарыты хлопчык З лірай залатою на грудзях...