Читать «З апокрыфа ў канон» онлайн - страница 3

Алесь Разанаў

Многія вершы Багушэвіча арганізаваны працэсу-альна, як судовая справа: у іх узаемадзейнічаюць дапытванне і адказ, следства і сведчанне, высвятленне і ўтойванне, закон і ўцёкі ад закону... Паэтыка адказаў мужыка — паэтыка ўцёкаў зайца, які круціць петлі і блытае сцяжыны і які ўсё бачыць нібыта раптоўна, нібыта не адрозніваючы, дзе тут галоўнае, а дзе міжыншае. Здаецца, усё гэта выпадковыя рэаліі, выпадковыя дэталі, алеўсіх іх спалучае ў цэласную карціну, надае ім форму якраз лінія ўцёкаў, ухілення, хавання і самазахавання. Суд — «прамы», мужык — «крывы», суд апелюе да бліжняй інстанцыі — да праўды, якая ўсталявалася на зямлі, Багушэвічавы «псеўданімы» апелююць да далёкай інстанцыі — да праўды, якой на зямлі няма месца і якая валадарыць там, у «дантавых» кругах чысца і пекла, дзе чэрці мучаць — «беляць» — грэшнікаў, а імі больш за ўсё і з'яўляюцца тыя, хто на зямлі прадстаўляў і ўвасабляў «блізкую» праўду: паны, ураднікі, ксяндзы, суддзі... Багушэвіч і яго «псеўданімы» адчуваюць гэтую праўду — сабой і ў сабе, — як сваю непераможную патэнцыю, як сваю нерэалізаваную звышмажлівасць, у той жа час не могучы яе выказаць, не маючы на гэта яе санкцыі. Яна — іхні грунт, іхняя апора, іхні апошні прытулак, іхняя старая «мая хата». Калі яны выкажуць яе, што, дарэчы, памыкаюцца зрабіць і «радасная» і «скрушная» дудкі, «заваліцца свет», «паглохнуць людзі», здарыцца нешта страшнае і надзвычайнае.

Багушэвіч закранае самыя складаныя метафізічныя пытанні. Так, у вершы «Праўда» ён дагаворваецца да «краявугольных» рэчаў: «Ды пашлі ж ты, божа, праўду сваю тую З неба на зямельку, слязьмі залітую!.. Пасылаў ты сына, яго не пазналі, Мучылі за праўду, сілай паканалі; Пашлі ж цяпер духа, да пашлі без цела, каб уся зямелька адну праўду мела». Багушэвіч выпакутвае-кліча Закон, над якім час не меў бы ўлады і які адпавядаў бы выяве духу. Найноўшы, альбо, дакладней, Спрадвечны Закон. Багушэвіч — беларускі апостал адзінай для ўсіх праўды, якая мусіць з' яднаць вонкавую і ўнутраную рэчаіснасць.

У «сярмяжным» сялянскім побыце выспявала беларуская метафізіка. Быццё размаўляе з селянінам на яго мове, на мове побыту, рэаліямі сялянскай явы. Сялянскі побыт анталагічны: ён адкрыты ў жыццё і смерць, у зямлю і неба, у скон і бясконцасць, у святло і цемру, у веданне і пазаведанне, ён мае справу з адвечнымі — з першымі і апошнімі — катэгорыямі. Багушэвіч жаліцца, і гэта жаль, калі можна так сказаць, метафізічны: у яго падаснове сусветная дысгармонія, невытлумачальнасць. Багушэвіч не лірык, не сатырык, не эпік, ён метафізік. I гэта, наогул, рыса, характэрная ўсёй нашай, пачынаючы ад Паўлюка Багрыма, паэзіі: яна намагаецца выказаць невыказнае, змагчы немагчымае, растлумачыць невытлумачальнае.