Читать «З апокрыфа ў канон» онлайн - страница 5
Алесь Разанаў
Тутэйшы — той топас, дзякуючы якому спраўджваецца, выяўляючыся тут і самаадмяжоўваючыся ад астатняй рэчаіснасці, не засведчанай канкрэтным жыццёвым досведам, быццё. Тутэйшы адчувае, што ён далучаны да цэнтру свету, і таму, калі гіне ён, гіне не проста яшчэ адзін насельнік краю, а нейкая, не асэнсаваная ім, ісціна самой рэчаіснасці.
Багушэвіч згадвае ў сваіх вершах розныя жыццёвыя падзеі, якія, таму што яны падзеі, маюць сваю адметную логіку і не ўмяшчаюцца ў абсягах штодзённага жыцця.
Праз гэтую несуадпаведнасць «штодзённая» мова, на якой вядзецца гаворка, сама раз-пораз становіцца алагічнай, насычанай звышсэнсавай няўцяміцай.
Старая хата зраднілася з чалавечым жыццём, і чалавечае жыццё зрабілася яе зместам. У адрозненне ад новай хаты, якая трымае чалавека і сваёю трываласцю агароджвае таго, хто ў ёй жыве, ад таго, што спрадвеку памятае чалавека і спрадвеку належыць яму, старая хата сама выступае ў ролі «свацці»: яна выводзіць чалавечае існаванне за межы адной асобы, а ў чалавечае існаванне ўводзіць «засватанае» — рэчаіснасць.
Змест мае патрэбу ў сваім, адпаведным сабе, месцы, і месцам становіцца толькі той круг прасторы, у якім абмежаванае прысвячаецца ў неабсяжнае, а неабсяжнае знаходзіць магчымасць праяўляцца і вымаўляцца ў абмежаваным. Перасяліцца ў навейшую і багацейшую хату для Багушэвіча азначае страціць месца.
Хата мае вокны і дзверы, месца само з'яўляецца дзвярамі і вокнамі зместу.
Багушэвіч памятае пра тое, на што ў астатняй рэчаіснасці ўжо не хапае памяці,— пра Беларусь. «Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...» — кажа ён у прадмове да «Дудкі беларускай». Так, Беларусь там. Але не тут... I ў адрозненне ад тутэйшасці, што супадае з пэўным найменаваным месцам: з Гроднам, Мінскам, Магілёвам і Вільняй, са шматлікімі мястэчкамі і вёскамі,— і, супадаючы, забывае нешта, што дазваляе абмежаванаму выходзіць за свае межы і знаходзіць сваё па-за месцам свайго жыхарства, Беларусь знаходзіцца на пэўнай адлегласці да кожнага канкрэтнага месца. Яна паказвае кожнаму месцу такія ж канкрэтныя месцы, якія завуцца інакш і ўпісаны ў іншыя краявіды, супастаўляе яго з імі і прымушае яго зразумець, што яно не толькі тут, але нейкім чынам і там. Беларусь знаходзіцца на шляху да Беларусі, і таму, што яна знаходзіцца на шляху, яна не проста прысутнічае ў прасторы, як прысутнічае тутэйшае, а пастаянна самавыяўляецца,— кажацца. Багушэвіч кажа і тое, што належала нечаму аднаму, становіцца тым, чым аб'ядноўваецца многае, а тое, што было толькі тут,— тым, у чым дзейсніцца і пазнае сябе там.
Было ў Багушэвіча сваё кола сяброў і знаёмых, якім ён чытаў і прысвячаў свае вершы, што, у сваю чаргу, знаходзілі ў гэтым коле водгук. Аднак паэт належыць не толькі свайму колу і не толькі свайму часу, і нават калі пра гэта забываецца асоба паэта, паэзія ўсё роўна памятае.