Читать «З апокрыфа ў канон» онлайн - страница 2
Алесь Разанаў
Праз усю творчасць Коласа праходзіць дарога. Яна як перасяленне: вымушаная. Па ёй адыходзяць азіраючыся, шкадуючы тое, што застаецца (зрэшты, родны кут і ёсць якраз тое, што застаецца); адыходзяць нагамі, душой вяртаючыся. Адыход часавы, вяртанне вечнае. Менавіта дзякуючы вяртанню «старая» зямля пераўтвараецца ў «новую».
Уражанне: Колас быццам з нейкім недаверам, засцярогай ставіцца да натхнення, якое парушае, узрушвае, прымушае выходзіць па-за сябе. У Коласа яно па сваёй прыродзе іншае — засяроджанае і ўраўнаважанае.
У не-гучнасці, не-актыўнасці, не-яркасці Коласавых радкоў затоеная моц матэрыі: яна дзейнічае, калі на яе ўздзейнічаюць, не яна разбівае, але аб яе разбіваюцца; паводле верша — «гнуся, але да пары...».
Сёння, у век касмічных падарожжаў, касмічней стала ўспрымацца і ўся творчасць Коласа, у прыватнасці, «Новая зямля» — самы грунтоўны твор беларускай літаратуры. Змест, заключаны ў ёй, ставіцца ў адзіны — гістарычны і планетарны — кантэкст са зместам «Новага жыцця» Дантэ, са зместам «новага неба» і «новай зямлі» старажытных апокрыфаў-звеставанняў.
Дрэва, да якога ў Коласа асаблівыя адносіны,— дуб: ён найтрывалейшы, найдужэйшы, найдаўжэйшы векам... У «Казках жыцця»:
«I ўбачыла Дрэва, што сябры пакінулі яго. і яшчэ мацней зажурылася.
— Што рабіць?
Пусціць глыбей карэнні ў зямлю...»
Гэта наказ-выснова Коласа не толькі Дрэву, але і самому сабе.
СКРЫЖАВАННЕ ФРАНЦІШКА БАГУШЭВІЧА
Багушэвіч на скрыжаванні: старой і новай Беларусі, старога і новага беларускага пісьменства, і сам ён — скрыжаванне: у ім, запаўшы, жыло — як яго асабістая памяць, як яго асабісты досвед, належачы мінуўшчыне і не месцячыся ў ёй, выступаючы з яе як край, як перад,— папярэдняе, з яго ўсчыналася наступнае. Ён шматімённы — як народ, і, як народ, ананімны. Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава аб'явіліся, пэўна, не ў апошні момант, не на завяршальнай сгадыі «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага», засланяючы сабою ад розных непрыемнасцяў і неспадзяванак сапраўднага творцу,— яны прысутнічаюць загадзя, унутры саміх зборнікаў і як персанажы, і, галоўнае, як метад, як аўтарскае светаўспрыманне.
Багушэвіч пазбягае свайго прозвішча, свайго канкрэтнага імя, бо яно ўжо «названае», бо яно прапісана да казённага асяродку і атаясамлена з ім. Каб быць «сваім», яно мусіць адрачыся ад гэтай таясамнасці, выйсці з гэтай названасці, мусіць існаваць «па-свойму» — ананімна, прыкрыта. Звонку Багушэвіч адвакат, які служыць існуючаму ладу, знутры — паўстанец, які ўзрывае гэты лад, звонку — ён ушчымляе праўду, знутры — ратуе, звонку — адзін з многіх, знутры — адзіны ў многіх, звонку — пан, знутры — Мацей Бурачок і Сымон Рэўка... I калі ў вершы «Ахвяра» ён звяртаецца да той, у кім увасоблена даўніна — да бабулькі, з наказам: «Маліся ж, бабулька, да Бога, Каб я панам ніколі не быў»,— дык гэта таму, што, каб панаваць, неабходна стаць вонкавым, вырадзіцца, неабходнастаць іншародным. Іншароднасць вонкавая, але яна пануе, роднае гібее, але яно ўнутранае. Няўрод, пра які паведамляе ў сваіх допісах і лістах Багушэвіч,— гэта таксама праява іншароднасці.