Читать «З апокрыфа ў канон» онлайн

Алесь Разанаў

Алесь Разанаў

З АПОКРЫФА Ў КАНОН

Гутаркі, выступленні, нататкі

Падрыхтаванае на падставе: Алесь Разанаў, З апокрыфа ў канон. Гутаркі, выступленні, нататкі, — Мінск: Выдавец I. П. Логвінаў, 2010. — 138 с.

ISBN 978-985-6901-90-7

НАТАТКІ НА ДУБОВЫХ ЛІСТАХ

У Коласу цяжкасць: ягоная ўдзельная вага — вага глебы і глыбы, адусюль ён скіроўваецца туды, адкуль узяты, адкуль сам узяўся,— у асяродак, у родны. Ён памятае яго спрадвечнай, унутранай, арганічнай, я нават рызыкну сказаць — цялеснай памяццю, якая не дазваляе яму ні прыстаць, ні заблытацца ў іншароднасці, памяццю той самай удзельнай вагі.

Стыхія Коласа не надзем'е (вышыня) і не падзем'е (глыбіня), а сфера, ураўнаважаная імі, зямля. Калі Купала парываецца ад зямлі, бо адчувае сябе паланёным земнасцю, то Колас і ў небе шукае рэчыў-насць, якая б мела дачыненне да зямлі, за якую можна было б зачапіцца,— сонца, зоры, хмары, птушкі... У іх ён бачыць не столькі іх саміх, колькі само іхняе бачанне, бачыць праз іх. У «незаземленым» небе ён знемагае: ягоная цяжкасць, нібы тармазная сістэма, цягне яго назад, наніз, у сваё месцазнаходжанне. Колас не прыземлены, як часам даводзіцца чуць, а заземлены (!): прыхінаючыся бліжэй да зямлі, ён — тым самым — прыхінаецца бліжэй і да неба. Вертыкаль пераўтвараецца ў гарызанталь, гарызанталь у кропку, але ў гэтай кропцы шматмернасць.

Пісьмо Коласа накшталт піктаграфічнага — тапаграфічнае. Па творчасці Коласа, па складу ягоных пачуццяў і думак можна вывучаць беларускі ландшафт, беларускі побыт, беларускую прыроду. Прырода і асоба паэта спалучаны — зрошчаны — у адно цэлае. Гледзячы ў яго творы, бачыш яго ў прыродзе і прыроду ў ім.

Свядомасць Коласа і свядомасць прыроды тоесныя. I, можа, нітка глухой — «лясной» — маркоты, якая прабіваецца ў голасе Коласа, якраз ад таго, што ён усё ж вылучаны, адасоблены, што яго свядомасць гэта толькі яго свядомасць, што ён з прыродаю не цалкам адно цэлае.

Двайною зоркаю назваў Максім Багдановіч музу Тараса Шаўчэнкі і ўкраінскай народнай паэзіі. Тое самае, з не меншай падставаю, выпадае сказаць пра Якуба Коласа і Янку Купалу. Двое яны як адна з'ява, яны парныя, яны аднаго прызвання і «прызыву», яны — узаема: дапаўняюцца і адрозніваюцца, высвечваюцца і тлумачацца.

У сваёй творчасці паэты непазбежна самахаракта-рызуюцца. Самахарактарыстыка (названая) твор-часці Коласа — новая зямля, самахарактарыстыка (неназваная) творчасці Купалы — новае неба.

Купала ўспрымае з'явы прыроды вельмі асабова, праз свой стан, праз сваё светаўспрыманне; хмары для яго, напрыклад, заўсёды нясуць бяду і нягоды. Колас жа гэтыя самыя хмары ўспрымае досыць канкрэтна, па-рознаму, у залежнасці ад пары, у залежнасці ад таго, наколькі яны патрэбны зямлі, ураджаю, яму — коласу.

Рух Купалы ад тутэйшасці, Коласа — да тутэйшасці, для Купалы айчына там, для Коласа — тут, Купала жывіцца энергіяй сонца, Колас — энергіяй зямлі, у зліцці з зямлёю Колас прадчувае сваю неўміручасць, Купала — згубу, Колас — круг, Купала — вастрыё, выйсце з круга, Купала часавы, Колас прасторавы. У Купалавай паэзіі мужык пераадольваецца ў імя сябе наступнага, у імя сябе чалавека, у Коласа — у імя гэтага ж — адстойваецца: калі мужык найболей мужык, тады ён найболей і чалавек... Праблема і драма купалаўскага героя — што ён яшчэ той самы, коласаўскага — што ён ужо не той самы.