Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 54
Генрых Далідовіч
Аднойчы, калі выступалі ў Пільніцы, на іхні канцэрт наскочыла паліцыя. Яна паслухала яго прамову, а пасля паклікала на двор, адабрала паперы, з якіх ён чытаў, патрэсла яго i дома — канфіскавала літаратурны часопіс, дзе былі перапісаны яго прамовы, пытанні сялян і яго адказы на іх.
— Вот что, молодой человек,— сказаў яму на развітанне паліцэйскі чын.— Занимаетесь вы не невинными представлениями, а под видом шуток да плясок налицо пропаганда противоправительственных идей среди крестьян... А это уже преступление... Призываю прекратить всякую агитацию, навеки похоронить местнический хор и театр. После нашего отъезда никуда не отлучаться, ждать надлежащего ответа...
Так яно i выйшла. Неўзабаве дырэкцыя народных вучылішчаў прыслала i яму, i прудскаму настаўніку Кірыковічу запіскі, што яны звольнены з работы. Праўда, ні аднаму з ix не напісалі, за што яны вінаватыя. Звольнены — i ўсё.
Ix абодвух дапытаў сам станавы прыстаў, узяў іхнія тлумачэйні, распіскі, што нікуды не выедуць без дазволу, i знік. Пасля ўсяго гэтага пацягнулася доўгае чаканне: што будзе? Убачаць у іхнім хоры, тэатры, рукапісным часопісе «противоправительственное преступление» ці не ўгледзяць?
Час ішоў, навін ніякіх ні з павета, ні з губерні не было, i ўсё гэта страшэнна прыгнятала Алеся. Па-першае, хваляваўся за свой лёс, не хацеў, каб быў пазначаны судом i турмою, па-другое, пакутаваў без работы, ад бяздзеяння.
Прудскі настаўнік паў духам. I збаяўся кары, i палічыў, што сапраўды злачыніў, рабіў лішняе. Панапісваў усюды лісты з пакаяннем, што рабіў усё несвядома, прасіў аднавіць яго на настаўніцкай пасадзе, з сябра стаў Алесю ворагам. Сам Алесь нікуды лістоў не пісаў, ні ў чым, апроч сваіх промахаў, не каяўся.
Чым далей вось цяпер ад'язджаў ад Янкавін, ад Стоўбцаў, тым больш новыя думкі займалі яго. Ён ужо не думаў пра Кацярыну, якая прыслала яму праз Кастусю запіску з просьбай сустрэцца (на сустрэчу ён не пайшоў), забыўся паволі на Ледзяша, на Анушку i яе аднадумца. Думаў ужо пра Вільню. Як яна, Васілевіч, Муха, Лідскі сустрэнуць яго? Як спаткае Янка Купала — беларускі Шаўчэнка, як каторыя яго называюць? Ён жа зачараваны яго паэзіяй, закаханы ў яго як у выдатнага паэта, а той... Ці стануць сталіца, былыя сябры блізкімі? Якую работу змогуць даць яму ў рэдакцыі? Ці зладзіць ён з ёю? А пасля ўсё ж пачала праследаваць, гнясці думка: не ўцёк у Амерыку, але ўсё роўна ўцякае ад сваіх людзей, Кацярыны, хоць i суцяшаў сябе, што там, у Янкавінах, няма чаго яму рабіць, там ён можа зачахнуць. Як у пакоі без фортачкі, са спёртым паветрам.
Успомпіўшы зноў Кацярыну, падакараў сябе: усё ж кепска ён зрабіў, што не адгукнуўся на яе просьбу, не пайшоў на сустрэчу.
4.
Янка, вярнуўшыся са Стоўбцаў, i сёння ўвечар пайшоў да Чорных.
I сёння Зося ўцякла ад яго, дабегла да лагчыны, дзе за дзень, мяккі i цёплы, сабралася лужынка талай вады. Зося запыніла бег, каб не пакаўзнуцца, дык Янка яе туг i дагнаў, схапіў за плячук, а пасля, каб не вырвалася,— за локаць.
Нe ўскрыкнула: ведала, канечне, што гэта ён. Яна першая, ён за ею — адно за адным — ціха пайшлі ўзбоч лужынкі, што падмерзла ўжо, цьмяна льснілася ў цемнаце. Пакуль міналі ваду, ён вольнаю рукою нечакана рвануў з яе рукі хустку з вышываннем.