Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 55
Генрых Далідовіч
— Пусці! — не то папрасіла, не то запатрабавала за лужынкаю, спрабуючы заадно забраць ад яго i свой вузел.
Нi на міг не запынялася, бегла, нібы ляцела наперад, да блізкай сваёй хаты. Янка ўпёрся, а пасля ўвогуле стаў — яна колькі крокаў цягнула яго за руку. Пакуль слізгалі на лёдзе падэшвы яго падшытых скураю валёнак ды не ткнуліся пасля ў снег. Тады яна запынілася. Здалася.
— Ну пусці...— папрасіла, перарывіста дыхаючы.— Чаго ты прыстаў? Не адчапіцца, як ад ценю!
— Не пушчу,— адказаў, не выпускаючы яе рукі. Усяк пераадольваў нерашучасць.— Ці прасіся, ці злуй, ці плач — сёння не адпушчу...
— Які паганы! — папікнула. Здаецца, злосна.
— Няхай сабе буду i паганы! — прамовіў пераадольваючы хваляванне.— Адпушчу — дык i сёння ўцячэш.
— Не, не ўцяку...— прамовіла ўжо лагодней.
— Не-не,— адказаў i яшчэ прыблізіўся. Адчуў яе, пругкую, побач.
— Што ты ўздумаў? — нібы жахнулася, стараючыся адступіць. Чым далей.— I не брыдка табе!
«Яшчэ як брыдка! — падумаў.— Але ж... Сёння не адпушчу».
— А за што мне будзе брыдка? — запытаў. Абы завесці гамонку.— Хіба я рэжу ці рабую цябе?
— Ды прыстаў жа нечага!
— Вот руку тваю халодную сагрэю — тады адпушчу...
— Вот кажаш! — нібы ўсміхнулася.— Пачуюць ці ўбачаць людзі!
— Хто ўбачыць? У такую цемень!
Усё ж наважылася ісці.
Пакрочылі. Поплеч. I болей Зося не вырывалася.
— Людзі i ўночы ўсё бачаць...— сказала.— Ды яшчэ як!
I толькі ён крыху аслабаніў яе руку, як яна рванулася. Утрымаў. Абхапіў рукамі яе за стан.
— Не ўцячэш сёння...— прамовіў, прыціснуўся грудзінай да яе спіны, ткнуўся носам да яе хусткі, што пахла яе валасамі, відаць, учора вымытымі ў настоі з мяты.
Яна ж раптоўна наструнілася, папрутчэла. Усё яе цела, здаецца, было мігам падрыхтавана да абароны. Янка аж сам збаяўся сваёй такой смеласці. Адчуваў: зараз будзе нешта страшнае. Зося не тая дзяўчына, каб не абараніцца, дазволіць некаму вялікую смеласць. Яна як агонь. Даць хлопцу аплявуху — для яе нічога не значыць.
— Янак! — паклікала да разважнасці. Але не злосна, а з хваляваннем.— Далібог жа, убачаць i смяяцца будуць.
— Ну i што?
— Як — што? Хіба табе сяроўна, што людзі брахаць будуць?
— Сяроўна ж кажуць...
— Што — кажуць?
— Ну, што мы з табою... любімся...
— Дурны!— усклікнула i раптоўна замалаціла абоімі локцямі яму ў рэбры, стараючыся выцерабіцца з яго рук.
— Хай сабе i дурны,— усміхнуўся, пад'юшчваючыся, што яна неяк па-добраму сярдзітая.— Але адпускаць цябе ўжо больш не буду. Буду кожны вечар падводзіць дадому.
— А я тады на вячоркі не заяўлюся. Нават з хаты не выйду.
— А я да вас прыйду. У хату.
— Папробуй толькі! — прыстрашыла.
— Нe збаюся.
— Смелы!
— А вот i смелы! — сціснуў, аж адчуў далоньмі яе пруткія грудзі.
— Мядзведзь! — войкнула, уздыхнула.— Адпусці хоць крыху. Усе косці паломіш. Не дзіва, што можаш замест каня плуг цягнуць...
— Хіба ты пані, што ў цябе косці гэтакія слабыя? — ткнуўся шчакою да яе шчакі. Яна ўся ўздрыгнула, нібы да яе шчакі даткнуліся гарачым вуглём. Зноў ірванулася, але ён не адпусціў. Зацішылася. Аж было дзіва: чаму стала гэткая пакорлівая?