Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 48

Генрых Далідовіч

З пашанаю твой баламутны сябра С. В.»

Алесь згарнуў лісток, паклаў яго ў канверт i зноў задумаўся.

Дзіва: хто i калі ўсклаў на яго такую ношку— жыць не толькі сваімі страўнікавымі, але яшчэ i высакароднымі думамі i пачуццямі, быць свядомым, рабіць тое, што не прыносіць дабрабыту, a толькі непрыемнасці, пакуты? Чаму яна, тая ношка, дзе думы, пачуцці, свядомасць, чужая, лішняя, абыякавая, а то нават проста невядомая іншым? З аднаго боку прыемна, радасна, што ты надзелены вялікім болем i вялікай радасцю, можаш сам сабе падумаць: «Калі не я, дык хто іншы?» Ці сказаць: «А я ад вашага імені...», а з іншага боку цяжка. Цяжка i несці гэтую ношу, i адрачыся ад яе (ці не таму часамі бываюць вельмі злыя, нядобрыя i небяспечныя людзі, што шукалі праўды ці адказаў на свае пытанні — не знайшлі, а раз не знайшлі — пачалі помсціць, ненавідзець, жыццё, людзей?!). Чаму так бог дае: адзін пакутуе, а іншы, абыякавы, вясёлы, эгаістычны, жыве, нібы сырам плаваючы ў масле, i ніколі не папікне сябе? Шчаслівейшыя ці, наадварот, вартыя жалю тыя ж Дзяжко, Гарбуковіч — удачлівыя землякі, што выбіліся, як i ён, з сялян, не хвалююцца за тое, што яму не дае спакою, цураюцца таго, за што баліць яму душа, п'юць, смачна ядуць, папасваюцца каля кабет, адным словам, думаюць пра свой страўнік, а не пра сваю душу? Ці прыйдзецца ім калі задумацца, адпакутаваць за сваю хітрасць, абыякавасць, чужасць да сваіх бацькоў, людзей? Ці будзе i для ix судны дзень?

Ды хто ж ведае: дзе ісціна??? I ці ёсць яна ўвогуле??? Можа, i ёсць, можа, яе i няма! Можа, жыццё i складаецца з адных пытанняў, сумненняў, пошукаў, памылак, расчараванняў??? Відаць, грэба ўсё ж ехаць у Вільню. Што ён тут выседзіць цяпер? Дый пратрэсціся, адарвацца ад суму, нудоты не зашкодзіць. Як i з'ехаць хоць на трохі з вачэй бацькоў. Бо яны ж яшчэ больш за яго перажываюць, што цяпер без працы, трапіў у няміласць. Няхай i яны адпачнуць ад яго.

Паразважаў сам з сабою, пасля змусіў сябе папрацаваць. Здзівіўся: колькі ж шмат слоў на літару «П». Уюшыўся, адарваўся ад зямлі, часу, паляцеўшы ў свет слоў, дык вярнулі яго з самазабыцця толькі познія гулякі Янка ды Кастуся, што вярнуліся з вячоркаў. Янка застаўся там, у цёмнай хаце, а Кастуся прыйшла сюды.

— Можна?

— Заходзь,— сказаў, намагаючыся зноў вярнуцца на гэтую святую i грэшную зямлю.— Нацешыліся? Награшыліся?

— Мы то людзі як людзі, а ты вот слепіш i слепіш вочы над гэтымі паперамі,— папікнула як зусім сталая, села насупраць на крэсла, падпёрла далонькай падбародак, стрэльнула па ім цыганскімі вачыма.— Хутка лысы будзеш. Цемя ўжо праз валасэ свеціцца.