Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 49

Генрых Далідовіч

— Я ж не дзяўчына, мне няма чаго баяцца за сваю красу...

— Сказаць табе нештачка? — прашаптала, перамяніўшы размову.

— Ну, скажы.

Кастуся павагалася, а пасля прамовіла:

— Сёння Кацярына са сваім Арнольдам пабілася. Ён, кажуць, абазваў яе брыдка, i яна выгнала яго з хаты... Ён сышоў да Дзежкі...

Прамаўчаў.

— А я з Кацярынаю гаварыла... Як ішла да Чорных. Яна спаткала мяне, белая ўся, як снег, толькі плямы чырвоныя на шчоках... Запыніла... Пагаварылі абы пра што, а потым яна i пытаецца: «А ці праўда, што ваш Алесь у Вільню паедзе?»

— Не выцерпела-такі! — папікнуў.— А я ж вас усіх прасіў маўчаць! Бо Петухоў ці Лядзяш уведаюць — усё прапала тады...

— Далібог, я ёй не гаварыла,— паклялася Кастуся.— Яна сама запытала. Я аж здзівілася, адкуль яна ведае. Яна прызналася: ёй якраз Петухоў i сказаў усё. А таму — Гарбуковіч. Адкрыў адрасаванае табе пісьмо на пошце, прачытаў...

Яму стала прыкра. Колькі ўжо гадоў нехта як стаіць над яго душою, не спускае з яго вока, пазірае нібы праз прыцэл. Кожны яго крок, кожны яго ўдых i выдых пад назіркам. I пад вядомым, яўным, i тайным. Думаў паехаць у Вільню ўпотай ад Петухова, паліцыі — цяпер не ўдасца. Не ўцячэш, нідзе не схаваешся ад «всевидящего глаза» i «всеслышащих ушей».

«Еду! На гэтым жа тыдні! — рашыў.— Кацярына — Кацярынаю... Няма пра што цяпер нам з ёю гаварыць! Яна сама ўсё абарвала. Асароміла, паздзекавалася з маіх пачуццяў. У яе цяпер сваё, a ў мяне нічога...»

Пазней, калі ўжо Алесь спрабаваў заснуць на сваёй канапцы i не мог, яму ўспомнілася адно, ужо няблізкае лета, адзін цёплы дзень. Ён, хлапчук, тады пасвіў пры налібацкай дарозе на сваім папары каровы, сядзеў на ўзбочыне i выразаў сцізорыкам узор на кійку. Пачуў рып калёс. Падняў галаву: з Налібак, з лесу, у мігатлівае мроіва поля выехалі дзве фурманкi. Збоку пярэдняй ішоў іхні невысокі сусед, Гарбацэвіч.

Алесь са сполахам зірнуў на каровы: ці не ўбілася каторая на Пётрыкава поле — сусед быў строгі i сярдзіты. Не, дзякуй богу, каровы не забрылі на чужое.

Калі фурманкі пад'ехалі бліжэй, Алесь яшчэ больш угледзеўся: на пярэдніх калёсах сядзелі чужыя мужчына i кабета. Маладога веку i, што самае нечаканае,— не тутэйшыя, не вясковыя людзі. Мужчына быў у белым капелюшы, у светлым касцюме i жоўтых туфлях, кабета — у белай доўгай сукенцы, гэтаксама ў капялюшыку. А ззаду калёс сядзела маленькая дзяўчынка. Як i кабета, у белай сукенцы, у капялюшыку i ў беленькіх туфліках.

Мужчына i кабета са здзіўленнем зірнулі на яго i, перазірнуўшыся, усміхнуліся.

— Дитя лесов, пущи! — прамовіў мужчына.— Босой, наголо стриженный, пугливый, грязный, рабски покорный! Вот тебе, Аннушка, и здешний тип!

— А мы ведь здесь будем жить...— уздыхнула кабета.

Алесь заліўся сорамам і, канечне ж, чырванню. Бо са здзіўленнем зірнула на яго i дзяўчынка, а пасля пагардліва паказала яму язык.

Тая дзяўчынка i была Кацярына Сяргеенка — яе бацьку прыслалі здалёку сюды на службу.

Прыезд новага валаснога старшыні змяніў усё Алесева жыццё: пазней i яго маленства, i юнацтва ішлі пад знакам Кацярынінага пасталення i хараства: Сяргеенку перавыбіралі на старшынёўскую пасаду рата за ратай. Гэтак жа, як i ён, закахаліся ў Кацярыну i іншыя янкавінскія хлапчукі дый хлопцы, але яны неяк у час зразумелі, што лапаць боту не пара, адышлі, пабралі іншых — сваіх i з іншых вёсак дзяўчат,— а ён не адмовіўся, усё чапляўся, кахаў толькі яе — i вось на, калі ласка, адны пакуты ад гэтага...