Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 23

Генрых Далідовіч

Каб заглушыць у сабе грэшнае пачуццё, падаваў часта, памногу. Абы хутчэн з гумна — на луг. Ядзя адцягвала, таптала. Загаворвала. Здаецца, пыталася, ці шмат засталося на поплаве сена, хваліла яго за сілу i, здаецца, яшчэ дапытвалася, калі ён ужо будзе жаніцца, будзе сам сабе гаспадар. Ён нешта адказваў — абы адказаць.

«Яначак, не паспяю,— паскардзілася.— Памажы...»

Ён легка ўскарабкаўся наверх да яе і, стараючыся не сустракацца позіркамі, браў ахапкамі з-пад ног сена i сунуў, запіхаў па баках. Там, наверсе, яна неяк апынулася каля яго, яны неяк кульнуліся на сена. Сёння як праз сон помніць: яна першая абхапіла за шыю, пачала цалаваць.

«Яначак, родненькі...— зашаптала.— Дурненькі мой, харошынькі... Хіба ж ты не бачыш: пакутую я, хачу цябе?!»

Ён не помніў, як даў волю правай руцэ, што гладзіла яе сцёгны, мяккі i ў той жа час пругкі жывот, пасля запынілася на яе грудзях, што — дзіва! — амаль умясціліся ў яго далоні. Захлынуўся ад водарнага паху сена i пылу, а можа, i ад ненасытных, згаладалых пацалункаў, ад гарачыні жаночага цела, якое адчувае так блізка ўпершыню. Кіраваць ім пачалі ўжо не розум ды развага, не боязь, a нейкія іншыя сілы, што бачылі ў ім толькі маладога мужчыну. I, можа, праз нейкі ўжо міг пазнаў бы тады Ядзю — а яна ляжала з заплюшчанымі вачыма, палымнела нібы ў агні, была гэтаксама без развагі i ва ўладзе нейкіх сваіх, жаночых сіл,— упершыню пазнаў бы кабету, ды як скрозь сон пачуў Кастусіну песню.

Тая ішла па двары сюды, да гумна. Праз сілу, але мігам Янка падхапіўся. I не, не кінуўся ўніз, долу, a зірнуў на Ядзю. Яна, відаць, цяпер гэтаксама пачуўшы песню, са спалохам адплюшчыла вялікія вочы, мігам абцягнула спадніцу на калені, зморшчылася: «I гоняць жа чэрці! — пасля паказала рукою.— Скачы ўніз!»

Ён, абдзіраючы спіну аб сена, спусціўся долу, нервова пачаў запіхаць за пояс кашулю, адчуваючы ў галаве дзіўны, незразумелы яму гул.

I тут жа зайшла ў гумно Кастуся. Ён стараўся не пазіраць на яе, бо ведаў: выдасць усё сваім позіркам. Затульваючыся, пачаў зноў падаваць наверх сена. Але ўжо не было нядаўняй сілы, рукі трымцелі.

Пасля ён радаваўся, што нічога не меў тады з Ядзяю. Пачаў яшчэ больш пазбягаць яе. I яна нібы астудзілася, зразумела: калi аднойчы ў парыве шалу не пераступілі забароненую мяжу, дык ужо з развагаю пераступіць яе цяжка. Абое глыбока затаілі сваю тайну i жылі з ёю, з адчуваннем граху, граху сваёй той маладой нястрыманасці.

Пасля таго ў Янкавай душы нібы нешта прачнулася, запатрабавала волі. У яго ўспламянілася сэрца, памацнеў смутак па кабеце. Адчуў: ён ужо мужчына, жаніх. Яму трэба была ўжо жонка. За жонку яму хацелася мець Мішукову Зосю. Ён нібы нанова зірнуў на яе, на вёску, на свет, адчуў, што ўжо болей не можа жыць, як жыў дагэтуль. Ён трывала ўжо трапіў у сеткі прыроды-матухны, сам не зусім ведаючы пра гэта i саромеючыся свайго такога палону. Яго каханне не хацела ведаць меж, як не мае ix вада ў вялікую паводку, разліваючыся ва ўсю моц. Гэтае каханне было i святое, чыстае, i нейкае грэшнае, бессаромнае, жорсткае. Ён аж сам часамі бянтэжыўся, што хоча завалодаць іншым чалавекам.