Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 2
Генрых Далідовіч
У старым пушчанскім лесе — а праз яго ехалі вёрст з пятнаццаць — ix спаткала світанне. Калі мінулі Кляцішча — апошшою вёску перад Шубінам, дзе ix гуртам сустрэлі i доўга на вёсцы праводзілі з залівістым брэхам сабакі,— ужо прыемна даўся ў нос смачны, з пахам смажанай цыбулі дым з комінаў. A калі дабраліся да самога Шубіна, дык ужо добра развіднелася, пачаў убірацца ў сілу новы светлы дзень.
Ззаду, над лесам — недзе i над няблізкімі Янкавінамі гэтаксама,— паднялося i ачырваніла неба сонца, нібы наліваючы яго край вішнёвым сокам. Яра i бязлітасна запёк мароз. Але спіны коней, што беглі ўсю дарогу, былі па-ранейшаму цёплыя, пават вільготныя ад поту. З ix клубілася пара. Як i ў лесе, тут гэтаксама коні жвава беглі трушком i ўвесь час натапырвалі вушы — прыслухоўваліся, ці не абазвалася дзе што падазронае.
Нa Шубіне моўчкі раз'ехаліся. Гарбацэвічы — бацька з сынам — пакіравалі ўбок, да сваіх стагоў, а яны, Нямкевічы,— да сваіх. Цяпер, зімою, аж не верылася, што летам тут зелена, мокра, гразка — на калёсах сена не вывезеш. Грузнуць па восі колы.
Стары Нямкевіч пад'ехаў да трох невысокіх крывых алешын, што ліпелі на высокай, з бакоў чорнай, тарфяной, выдзьмутай ветрам, зверху (улетку) травяністай купіне. За алешынамі — іхнія два аселыя, зрыжэлыя стагі. Адзін — адразу за купінаю, другі — крыху воддаль. Дзякуй богу, цэлыя. Hi вецер не параскідаў, ні чужыя людзі не зачапілі.
Бацька запыніў каля алешын каня, споўз з саней-развалак. Калматыя яго бровы i вусы былі белыя. Ссівеў i чорны каўнер кажуха: ім, канечне ж, затульваліся шчокі i нос ад холаду.
— Ну, дзякуй богу! — выдыхнуў клуб пары.— Дарога цвёрдая!
Янка прыпыніў каня i не завіхаўся злазіць з належанага месца: здаецца, яшчэ ехаў бы i ехаў. Аж на край свету. I не кратаўся б у такі холад. Нават не хацелася думаць: усё, дабраліся. Злазь i рабі. Кожны год, кожны дзень адно i тое ж: работа ды работа. У полі, у лесе, каля дому. А вось такія далёкая, як i ў пільніцкі млын ці на рубяжэвіцкі кірмаш, паездкі рэдкія, i яны вельмі хвалююць, абнаўляюць душу. Таму, можа, i кожны з маладых хоча адарвацца ад свайго двара, паглядзець свет, пабачыць на свае вочы, дзе i як жывуць людзі (з ix яшчэ ніхто не ведае іншага пачуцця: калі шмат пабудзеш на чужыне, стомішся ад уражанняў — i не толькі ад уражайняў! — дык вельмі хочацца дадому, у свой родны кут). Янкавы старэйшыя браты — Гіполь ды Алесь — адлучаліся, былі на свеце, а ён вось усё жыццё ў сваім двары ды пры сваім доме...
— Распрагай,— нібы загадаў бацька.
Янка слухмяна злез з развалак, памахаў рукамі i паскакаў спачатку на левай, пасля на правай назе.
Сагрэўшыся, пачаў распрагаць Гнядую. Яе ўзялі ў суседа, Пётрыка Гарбацэвіча. У таго трое коней, у ix — адзін. Прыйдзецца ўвесну адрабляць за такую фатыгу. I якраз яму, Янку. Сам бацька не пойдзе i матку не пусціць — заганарыцца.