Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 17

Генрых Далідовіч

— Ах ты, няўдаліца! — не закрычаў, a заенчыў ён. Пырснуў слінаю.— Увагнаў кабылу ў балота! — замахнуўся на Віцю кулаком, але той кінуў лейцы долу i адскочыўся. A ў яго ад раптоўнага гневу аж пацямнела ў вачах ды забалела галава. Надта ў скронях i на патыліцы.— Каб ты сам скрозь зямлю праваліўся!

— Ён жа не вінаватьг, Пётрык,— ціха прамовіў Нямкевіч.— Сані цяжкія, кабыла важная — вот i абламала лёд. Які ён там. З палец. Ты праскочыў, а ён...— падышоў, агледзеў Сівую, што стаяла ў балоце i цяжка дыхала.— I нічога не будзе. Не выцягне. Толькі падарвём яе. Давай, Петрык, выпрагай. Самі выцягнем. Няхай ёй будзе брыдка перад намі.

Разам i выпраглі. Гнеў адпаў, але галава забалела мацней. Аслабла, здаецца, абмякла сэрца.

«Усё, капцы ўжо мне,— падумаў Гарбацэвіч, шкадуючы сябе i баючыся блізкай смерці.— Падарваўся...»

— Бяры, сын, за аглоблі,— Нямкевіч, здаецца, заўважыў, што ў яго трасуцца рукі. Але нічога на гэта не сказаў.

Янка пайшоў да аглабель. У дзірках, што прабіла кабыла, падымалася наверх чорная тлустая вада. Адбіваючыся, блішчэла на ёй няяркае сонца. Запахла гнілою цінаю.

Янка падняў аглоблі, натужыўся; яны ўсе падаліся за сані, упёрліся. Хто рукамі, хто плечуком.

Сані зварушыліся. А пасля закаўзалі па снезе. Калі вымчаліся на горку, Нямкевіч адхіліўся — сані амаль адразу ж сталі. Значыць, пхнуў ix ён, лічы, адзін.

«Старэйшы за мяне,— здзівіўся Гарбацэвіч ужо без злосці,— a які яшчэ дужы! Вот род дык род! Як зубры ўсе! Алесь слабейшы, праўда, удаўся, дык разумны затое... Ніхто богам не пакрыўджаны... Адна Кастуся, можа, толькі...»

— Ну дзякую, Ясь, Янка,— павярнуўся да суседзяў, схіліўся ў паклоне.— Не ведаю, што мы без вас рабілі б? Сарвалі б, мусіць, Сівую...

— Ды няма за што,— адказаў Нямкевіч.— Мы ж суседзі. Грэх адзін аднаму не памагчы... Ну, ды што гавэнды разводзіць? Запрагай кабылу ды паехалі. Дарога далёкая, цяпер ужо не разгонішся, дый дай бог, каб да суцемак дадому дацягнуліся...

— На вялікдзень ужо на чарку паклічу...— выпаліў у шчырасці Гарбацэвіч i тут жа асёкся. Сам адчуў: паспяшаўся выяўляць сваю душэўнасць. Можа, i не выпадзе пачаставаць, можа, i гарэлкі не будзе. Можа...

— Дажывём — тое i будзе...— хітра ўсміхнуўся сусед, павярнуўся i патупаў да сваіх саней.

4.

Вярнуліся ў Янкавіны пад вечар, у колкі ўжо мароз. Якраз над вёскаю віліся белаватыя дымы з комінаў, слупіліся, распаўзаліся, а далей, высока-высока, сцягваліся ў адно светлае воблака на сіне-шэрым небе. Ніз гэтага воблака i белыя стрэхі хат былі ружовыя — ад сонца, што апусцілася ўжо за вярхоўе лесу.

Калi мінулі Могліцы, дык каля Шлёмавай карчмы звярнулі на сценку i ёю, па выезджанай Шлёмавымі гасцямі дарозе, падаліся да свайго гумнішча. Гарбацэвічы не збочвалі, пацягнуліся па вуліцы.

Вясёлым брэхам ix павіталі ўсе сабакі з гэтага канца вёскі — з Глінішча. Як знаёмых, сваіх людзей. А каля гумна сустрэлі ix кабеты — гаспадыня, Кастуся, нявестка Ядзя.

— Павыходзілі ўсе, як на дзіва...— нязлосна паўшчуваў Нямкевіч. Запыніў каня. Азірнуўшыся вакол з падазрэннем, спіхнуў зверху, з-пад сябе, дубовыя i бярозавыя круглячкі, некалькі паленцаў кляніны. Пасля споўз сам, учапіўся за камель жэрдкі, сагнуўся. Адлежаў за дарогу ногі.— Занясіце,— паказаў рукою на дрэва,— у падпаветку. Толькі не падымайце высока. Яшчэ ж не цёмна...