Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 16

Генрых Далідовіч

— Што ж ты хочаш! Век у ярме i ў ярме! — паспачуваў Нямкевіч.— Як вол! Каторыя i маладзейшыя за нас ужо не вытрымалі, спяць які год вечным сном...

Памаглі ўскінуць сена, а пасля пачалі ўціскаць жэрдку. Уціскаў стары Нямкевіч. Янка памагаў — віснуў на вяршку жэрдкі. Яны, Гарбацэвічы, таўкліся толькі пад рукамі, тузалі за вяроўку.

— О то сіла! — пахваліў, а на самай справе пазайздросціў Гарбацэвіч.— Як у старога, так i ў маладога! Мне ў гаспадарку такіх бы работнікаў! За чатырох управіліся б!

— Во былі б табе парабкі! — пацвяліўся Нямкевіч.— Але ты ўсё роўна наракаў бы, што i мы больш з'елі, чым зрабілі...

«А табе пра ўсё баліць...— незалюбіў Гарбацэвіч.— Дай са свайго, даплаці, калі шкадуеш маіх наймітаў...»

— Хітрыя ж гэтыя найміты, Ясь,— міралюбна прамовіў уголас.— Рабіць стараюцца мала, a ўзяць хочуць многа.

Як добра ўціснулі сена i завязалі вяроўку, Янка пачаў аграбаць з усіх бакоў сена зверху ўніз граблямі, бацька стаў на калені i, падпоўзваючы, узяўся абшморгваць рукамі сена з самага нізу, каб не чаплялася за кусты i не гублялася па дарозе. Гарбацэвіч пайшоў запрагаць коней.

Паспакайнеў. Суседава помач крыху ўлагодзіла яго.

«А можа, Ясь будзе i добры сват,— паразважаў,— i ён сам, i сыны па-сваяцку ўжо, калі трэба будзе, памогуць па гаспадарцы i платы вялікай браць не будуць. Пакрыўдзіў мяне бог, як ні кажы. I бацька, i дзеці... Надта сын... Хіба гэта сын, бацькава апірышча? Хіба гэта гаспадар? Трэба яму шукаць здаровую, разумную жонку, каб кіравала... Баліць сэрца: божа мой, божа, думает не пра сваё дзіця, а пра чужога чалавека як пра гаспадара... Ды што зробіш? Колькі нi плач, плачам нічога не паможаш. Трэба самому пра ўсё думаць. I пра гаспадарку, i пра род... Чужая, моцная кроў, можа, змяшаецца з нашаю ды паверне на сваё. Можа, хоць унукі дужыя, спрытныя пойдуць».

Пакуль думаў, запрагаў коней, Нямкевіч абкруціў вяроўкаю сена, ускінуў абчасаныя i абшморганыя астаткі наверх, а хлопцы падабралі ды занеслі на агонь i яго стажарышчы.

Цмокнуў на свайго гнядога каня. Той натужыўся, але нават не скрануў прымёрзлыя да снегу сані. Нямкевічы падапхнулі — пайшоў. Падагнаў да Янкавых саней. I калі вяртаўся трушком назад, бачыў: турзае кабылу за лейцы, цмокае сын. Сівая гэтаксама не магла зварушыць сані. I як ні памагалі ёй, усё роўна не здолела валачы такі цяжар: пачала праломваць шарпак і, відаць, тонкі асенні лёд i правальвацца, выносіць на паверхню, на белы снег, камякі чорнай гразі. Тут, дзе яны касілі, месца было зусім нізкае i мокрае.

Сівая лапатала, выцягвалася, аж трашчалі хамут i дуга, западала штораз глыбей у балота, выскоквала, кідалася ў бакі i нарэшце, праваліўшыся ледзь не па жывот, стала як укапаная. Азірнулася i, здаецца, разумна, па-чалавечаму зірнула з віною. На яго гэтаксама — ён якраз падбягаў.

Зноў раптоўная злосць хлынула да яго. На сына. Як i раней. Ён часамі аж сам здзіўляўся, саромеўся, што можа мець такую лютасць да сына. Нашмат большую, чым да жонкі i дачкі.