Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 19

Генрых Далідовіч

— Што ён там убачыў? Ён жа ўжо, лічы, сляпы...— адказаў.— Я ўчора i перад заходам i пасля заходу па двары хадзіў — нічога не бачыў...

— Вот i кажуць усе, што якраз старому i сляпому бог даў знак...

— От...— прамовіў, кінуў аглоблю долу.

— Божа мой, божа! — забедавала Апця.— А хлопец наш за светам... Няхай бы кідаў тыя заработкі, ехаў бы дадому. Як ест, так i добра. Усе разам жылі б, адно каля аднаго...

— Жывыя — дык давайце i думаць пра жывое...— знарочыста сярдзіта буркнуў Нямкевіч, аднак адчуваючы ў душы няясную трывогу. Штосьці зашмат сёлета загаварылі пра канец свету, як i зашмат пачалі верыць у гэта.— Ідзіце, кабеты, у хату. Дзеці ж там, відаць, адны. Яшчэ дабяруцца да агню, дык не толькі не дачакаемся суднага дня, але i сёння не будзе дзе пераначаваць...

Засмучаная Анця i нявестка паслухалі. Пайшлі праз дзверы падпаветкі ў хату. Кастуся засталася. Падалася да Янкі.

«Няўжо праўда ўбачыў які перасцерагальны знак аслеплы? — пачаў сам з сабою разважаць Нямкевіч.— Няўжо нам, відушчым, не дадзена шмат бачыць? — кончыў распрагаць Сівога, павёў яго ў хлеў.— Надта таго, вешчага?»

Вярнуўся зноў на прыгуменне. Стаў каля саней, невідушча зірнуў на далячынь — на захадзе ўжо за зямлю апусцілася сонца, гарэла чырванню неба, тлелі ў жары, здаецца, верхавінкі Налібацкай пушчы.

— Давай, Янак, я завяду Крывому Гнядую,— пачуў, як за саньмі гаварыла Кастуся брату. Крывымі за вочы гаварылі на Гарбацэвічаў, хоць ніхто з гэтых, цяперашніх, крывым не быў. Кульгаў некалі дзед Пётрыка Гарбацэвіча. Памёр даўно ўжо дзед, няма бацькі, а мянушка засталася.

— Завядзі,— адказаў той.— I дугу нашу забяры.

«Як гаспадар! — пацешыўся Нямкевіч за сына.— I гаспадар! Добры хлопец. Спрытны, дбайны, працавіты. Нічога благога на яго не скажаш. А што часамі камандую, гаманю, дык гэта не са злосці. Хай i бацьку як трэба шануе, i вучыцца, як жыць варта...»

— Пойдзеш сёння на Сяло? — запытала Кастуся.

— Не ведаю,— ціха адказаў Янка,— А ты?

— Волька Чорная казала: сёння Зося прыйдзе...— усміхнулася Кастуся.

— Ну i што? — буркнуў Янка.

— Што-што! А вушы на што? — адказала тая i, парыпваючы па снезе, адышлася. Павяла, як i падрадзілася, Гарбацэвічам Гнядую.

Такі праўду нехта казаў, падумаў Нямкевіч, што заглядаецца сын на Мішукову дзяўчыну...

У сваім двары закрычаў-залямантаваў Гарбацэвіч, воддаль нехта забухаў сякераю — ці не калоў на ганку сухое палена. Па Глінішчы i ад крыку, i ад стуку пакацілася рэха, пабегла на Могліцы. А як усё сціхла, дык з аселіцы данёсся глухаваты гоман, піск i енк — там, на коўзанцы, цяпер, канечне, дурэлі дзеці, без памяці аддаваліся гульням i ўцехам.

«Знак пра блізкі судны дзень ёсць, а свет як стаяў, так i стаіць! — i здзівіўся, i парадаваўся Нямкевіч.— I я вось стаю каля сваёй сядзібы, пра свае клопаты думаю... Толькі, праўда, нешта змянілася ў душы. Не то страх, не то недаўменне... Няўжо свет гэты быў тысячы, а то i мільёны гадоў i раптам, у адзін дзень ці ў адну хвіліну, возьме i знікне??? З лясамі, палямі, людзьмі, птушкамі, рыбамі, звярамі ды з усім тым файным, што ўжо зрабілі чалавечыя рукі??? Няўжо людзі столькі награшылі, што ix так трэба караць, знішчаючы ўсё дазвання??? Але ў чым віна лясоў, палёў, птушак, рыб, звяроў??? Няўжо ў бога цярплівасці, міласці не хапае? Ці не шкода яму ўсяго жывога, файнага??? Бо знікне ж свет гэты i, можа, ніколі больш не паўторыцца!!! Можа, замест яго пустыня будзе!!!