Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 14

Генрых Далідовіч

Нямкевіч-бацька зморшчыўся. Быў не зусім рады, што разварушылі яго сардэчную рану.

— A быў бы ваш Алесь хітрэйшы, жыў бы памяркоўна, дык i сёння дзяцей вучыў бы, добрую капейку аграбаў бы,— цішэй, нават быццам са спачуваннем дадаў сусед.— Даў бы бацьку грошай — той зямлі лішнюю дзесяціну купіў бы. Прадае ж Свістуноў. Баіцца вайны. Зямлю ж ці лес, уцякаючы, з сабою не прыхопіш. А грошы запхаў у кішэню i лататы... А нам, тутэйшым, няма чаго баяцца, мы ж нікуды не пабяжым. Дык чаму нам, калi маем капейку, не купляць, не станавіцца на ногі?

— Трэба, канечне, каб быў парадак... — уздыхнуўшы, стары Нямкевіч пачаў адводзіць гамонку ад сваей сям’і.— Але пры няпраўдзе, пры несправядлівасці яго не было i не будзе... Дык таму каторыя людзі i дабіваюцца вот якраз гэтага — праўды i справядлівасці... Але такіх людзей век не любяць, душаць... Болей баяцца, стражэй караюць, чым казнакрадаў i забойцаў... Бо казнакрад украдзе, забоец звядзе са свету чалавека, але нічога ад гэтага надта не зрушыцца. А вот калі відушчыя пакажуць невідушчым дарогу да святла, то ад гэтага можа нешта зрушыцца... Многія туды пойдуць... Многім захочацца пайсці... А Алесь наш...— зноў уздыхнуў.— Я яму, Петрык, нямала гаварыў: адумайся, сын, ці туды ідзеш, ці таго хочаш? Туды, адказвае, іду i таго хачу, чаго трэба. Ён пра сябе не думае. Дбае пра тое, пра што мы, цёмныя людзі, не тое што падумаць добра не ўмеем, але i не здагадваемся...

— Што ні чалавек, то свой розум...— з ухілкаю пафіласофстваваў Гарбацэвіч.— I кожнаму бог назначыў несці свой крыж.

Размова, як i часта бывае, адарвалася ад зямлі, узляцела да воблакаў, а са стратаю зямнога прыцягнення павінна была скончыцца. Так яно i здарылася. Старыя заўздыхалі, застагналі i змусілі думаць пра іншае — пра сена, па якое яны сюды прыехалі.

Пазней, калі са смакам паснедалі i папалуднавалі заадно, пабралі за лейцы коней i павялі ix да блізкай рачулкі, Усы. Высеклі там сякерамі палонкі, дапусцілі коней да вады. І самi усе па чарзе ляглі на жываты i ўволю, са смакам папілі. Затым зноў узяліся за работу. На гэты раз ужо стаяў на санях i таптаў абмяклы пасля полудня бацька, a падаваў сена ён, Янка. У Гарбацэвічаў па-ранейшаму ўвіхаўся з віламі стары.

3.

Сонца паднялося над пушчаю, але, здаецца, не паспела прылашчыць кожны халодны куток з вышыні, не патрымалася ні на хвіліну — пакацілася долу, ачахла. Цяпло i святло паскупелі, папоўз мароз — снег пачаў шэрхнуць, схоплівацца нібы шкляною скарынкаю.

Гарбацэвіч спяшаўся, падарваў жывот i натруджаныя рукі, упацеў, a ўсё роўна адстаў ад Нямкевічаў: Янка i браў больш сена на вілкі, i шпарчэй варушыўся. Ведама, малады, дужы, спрытны. Дзе за ім угонішся? Гарбацэвіч падаваў сена сыну, а сам не-не дый кідаў позірк на суседзяў, зайздросціў. Бачыў, як Янка пераклаў на сані сена са стога, як яны ўціскалі, аграбалі, абвязвалі яго вяроўкамі, а пасля ад'ехаліся, падабралі ўсё за санямі. Запыніліся i вось, прыклаўшы рукі да лоба, зірнулі насупраць сонца сюды: колькі яму яшчэ работы?

Ён адвярнуўся. Яго разбірала злосць. I сёння, як i раней, не паспявае за Нямкевічамі. Заўсёды яны спраўнейшыя. I ўсюды. Што ні робяць, усё аж гарыць у іхніх руках.