Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 13

Генрых Далідовіч

Сёння Гарбацэвіч як ніколі разгаварыўся. Раней, бывала, буркне адно-два словы, а цяпер вось нібы нешта ў яго прарвалася.

— Вот хатаўцы,— паплёў вяроўку далей.— Колькi ні помню, дык яны самыя заядлыя тут. Гадамі судзіліся са Свістуновым то за лес, то за пашу i сенакос. Было ж, выган i сілаю забралі. Падвучыў, як казалі, чужы парабак, майстра па малатарні. Нейкі Штэйн з Вільні. Аканом паклікаў казакоў — тыя прынесліся, добра далі бізуноў хатаўцам. Нічога яны не выбунтавалі. А нашы Чорныя... Хіба не бунтарэ? Хіба не точаць на мяне ці на Шлёму зубы? Хіба не гараць на наша дабро вочы? Брэшуць за вочы i ў вочы, сіпяць, але няма куды дзецца, ідуць у пазыкі...

Нямкевіч-бацька прамаўчаў. Мусіць, спачуваў i хатаўцам, i янкавінскім Чорным, не хацеў абы-чаго гаварыць на гаротны люд.

— I пазычаю, хай ix халера пазадуптвае,— сказаў Гарбацэвіч, адсунуўся ад агню.— Не пазыч, возьмуць i спаляць. Ім, азіятам, мала веры. Хоць басяке ест басяке. Пазычыў, а Пятро ў той жа вечар цэлы гарнец жыта Шлёму за гарэлку запёр... Што ні кажы, распусціўся народ. Не перамен яму чакаць, а большай строгасці. Бізуна.

— Што ні кажыце, дзядзька, але многа несправядлівасці,— не ўтрываў, уставіў сваё слова i Янка.— Можа, i ад яе злыя тыя ж хатаўцы, Чорныя.

— Ты малады яшчэ, хлопец, ды ўсяго i не ведаеш... — перапыніў яго Гарбацэвіч.— На свеце найнерш павінен парадак быць. Працавітасць, паслушэнства, спавага, а то нават i страх. Няможна ні на цара, нi на пана ісці. Во ix нам сам бог даў.

— Дык багаты павінен быць багаты, а бедны — век бедны?

— А што ты хочаш? — насупіўся Гарбацэвіч.— Каб усе параўняліся? Каб усе ў лапцях ці, наадварот, у хромавых ботах хадзіць пачалі? Не, спакон веку так было: палавіна свету скача, палавіна плача. Хоць у святым пісанні, кажуць, напісана: багатыя на тым свеце адпакутуюць за сваё прагненне, а бедныя суцешацца...

— Дык на зямлі, дзядзька, няма ніякай справядлівасці?

— Можа, i не. Во несправядлівасць, няпраўда раней за нас нарадзіліся.

— Але ж...

— Многа, вот скажы мне, праўды, справядлівасці ваш Алесь знайшоў? — напаў Гарбацэвіч.— Свет перайначыў? Расею? Не, не перайначыў. Беларусі сваёй дабіўся. Не, не дабіўся? Як быў тут Севера-Западны край, так тут ён i застаўся...[] Вот цяпер твайму бацьку вялікі гонар: вучанага сына судзіць будуць! I за што? За...