Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 98

Анатоль Бароўскі

Барабаніць ужо ўмеў і Лёнік, Ладзікаў сып.

Пад вечар, у чацвер, падаўся Жамойда да Ладзіка.

Жменька акурат боты падбіваў — абнасіўся, і на вуліцу не было ў чым выйсці.

— Дзела ёсць да цябе, Жменька, — гопнуўся Казімір важкім азадкам на ўслон, фуражку зняў, на калена паклаў, лоб выцер насоўкай.

— Ідзі, Лёнік, пагуляй на вуліцы, — загадаў Ладзік сыну, а калі той выйшаў, прамовіў: — Ведаю, што па дзелу. Без дзела я табе як зайцу стоп-сігнал.

— Ну, не кіпяціся. Ну, усялякае было... Жанюся я, ты, мусіць, ведаеш?

— І ты таксама? — Ладзік пашкроб мезенцам патыліцу, узяў у губы некалькі цвічкоў, убіў іх, зіркануў на няпрошанага госця. — І каго ж ты так ашчаслівіў, калі не сакрэт?

— Бы і не ведаеш. Вікцю бяру... А вяселле без музыкі, сам панімаеш.

— Разумна кажаш, як кітайскі мудрэц. Без музыкі вяселле — памінкі. Толькі вось як Вікця асмелілася за цябе выходзіць, ніяк розуму не падбяру.

Жамойда перасмыкнуўся тварам, але зрабіў выгляд, што нічога не чуў, прапанаваў галоўнае:

— За цаной не пастаю. Паўтары тысячы адвалю.

Ладзік хмыкнуў, крутануў галавой, заўсміхаўся:

— Ого! Такіх грошай мае рукі і не трымалі ніколі за маю музыку. Аказваецца, не цанілі мяне людзі, дышла ім у зад.

— Не цанілі, Жменька! Твая музыка не мае цаны, бо яна незямная. Яна душу мае.

— А ты маеш, Казімір?

— Што — грошы? Я прынёс цяпер палову, а астатнія пасля вяселля аддам, як адыграеш — слова гонару.

— Як будаўнікам хаты астачу аддаваў, так? — Жменька з прыжмурам паглядзеў на яго. — Здорава ты іх аблапошыў. Не, Жмонда, я не пра грошы. Грошы — гэта гаўно, я пра другое — пра тваю душу. Ці ёсць яна ў цябе, га? Вось тое я не ведаю.

— Што ты мне тут натацыі чытаеш! — твар Жамойды пачаў палівацца ліловасцю, асабліва карак — дакраніся сярнічкай, і загарыцца. — Ты кажы прама — будзеш граць ці не? Тады другіх шукаць буду. За такія грошы...

— А во табе, а не музыку, — паднёс Ладзік яму пад нос складзеную дулю.

— Ну-уу, ты!..

— Дугу гну, — падхапіў Ладзік, нахмурыўся, у яго вачах забегалі помслівыя агеньчыкі, за малаток хапіўся — вось-вось гваздане ім па цемечку з маленькай лысінкай. — З-за цябе мая жонка на той свет пайшла, з-за цябе цётка Ахрэміха ў турме... Не, Жмонда, няма ў цябе душы. І сэрца таксама.

Казімір стаў як хмара, набычыўся, бровы ссунуў над вачмі — мог бы, дык спапяліў бы Жменьку, растаптаў бы.

— Людзі помняць, як ты лататы даў дадому, не памогшы параненым хлопцам. І куды прыбег — прама ў паліцаі, да немцаў падаўся.

— Ты... ты гэтага не чапай! — Жамойда рвануў каўнер кіцеля, порстка павярнуўся і, грукаючы важка наваксаванымі ботамі, падышоў да дзвярэй. — Не чапай, таго, чуеш? Што было, тое сплыло.

— Сплыло, хм...— Жменька пахітаў галавой.— Сплывае гаўно... А твае чорныя справы людзі помняць і не забудуць. Вон, паршывец, з хаты! Бо заб'ю цябе тут, на сваім парозе. Во-оон!..

Жамойда выкульнуўся за парог, моўчкі і цішком выбег з двара на вуліцу. Праклінаў сябе, што прыплёўся да Ладзіка. Думаў, што на вялікія грошы клюне...

У той жа дзень падаўся ён у раённы цэнтр — шукаць музыкаў.