Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 100

Анатоль Бароўскі

Да Ясянца, куды ён выбраўся, было і не так далёка — каля дванаццаці кіламетраў. Дарога была добрая, утаптаная. Ён ляжаў на возе і ўзіраўся ў неба. Спляліся магутнымі кронамі і шапталіся з небам высозныя сосны.

Некалі вось так, вясновай парой, перад вайной, ён ехаў з Анютай — забраў яе з раённай радзілкі. Баба Настазя прыняць роды не асмелілася — параіла везці ў горад. Між іх, на падасланай посцілцы — Анюціным пасагу, ляжаў у пялюшках сонны Лёнік. Яны сплялі над ім рукі, галовы датыкаліся, і ён чуў пах яе кос — яны заўсёды пахлі ў яе багуном. Здавалася, яны былі ў Княжыне.

Ляжалі і маўчалі — за іх гаварылі сплеценыя рукі. У жылах кіпела, пульсавала маладая кроў. Прыемна казыталі косы, і ён пяшчотна гладзіў іх, перабіраў у пальцах.

Калі выехалі ў поле, у тугім блакіце жаўранкі ўхвалялі вясну. Яны адначасова павярнуліся адно да аднаго — як дамовіліся, і доўга глядзелі адно аднаму ў вочы...

Помнілася светлая яе ўсмешка, шчаслівы позірк. Як смяялася, блішчэлі белізной зубы, хмельна кружылася галава. Здавалася, што абапал дарогі не стаяць, а танцуюць, кружацца сосны ў любоўным танцы. Ладзік тады вельмі шкадаваў, што не ўзяў гармоніка: у душы складвалася нечаканая пяшчотная мелодыя, ён бы сыграў яе для Анюткі — і яна ўсё зразумела б...

Колькі разоў, у гадзіны адзіноты і суму па ёй, Анютцы, спрабаваў аднавіць у памяці тую мелодыю, але яна была як няўлоўная птушка, выпырхвала, не давалася. Ігралася нешта другое, падобнае, але не тое... Калі не стала Анюты і мелодыя выскачыла назусім з памяці.

Воз таргануўся, і Ладзік адарваўся ад сваіх спамінкаў, перавярнуўся на жывот і паглядзеў на дарогу: блізка была рэчка.

— Смялей, Ёршык, не бойся! — таргануў лейцы. — Н-ооо!..

Адышоўшы ад берага, каняка спыніўся. Нахіліў галаву да вады. Піў доўга, з перапынкамі. Рачулка светлая, бруістая. Густой сцяной абапал нябачнай дарогі цягнуўся рагоз.

Конь вывез яго на поле. Удалечы, за ўзгоркам, быў Ясянец. За ім — рукой падаць — Жахавічы.

Міхал быў у двары — падстрыгаў незнаёмага чалавека.

— Прывітанне цырульніку! — падышоў да іх, паручаўся і здзівіўся — на табурэтцы сядзеў Ерамей. У партызанах разам былі, як і з Міхалам Кліматам.

— Прывітанне, браце! На асабістым транспарце?

— А як жа. Нам без гэтага нельга — панець дык панець.— Жменька ўсеўся на прызбу, дастаў курава.

— Пр а вяселле перадавалі?

— Ага.

— Ну і што скажаш?

— Хто ж адмовіцца, калі па цябе на такім транспарце прыехалі. Як па пана, яй-бо.

— А што за вяселле, Ладзік? — павярнуўся, не вытрымаў стары. — Хто жэніцца — мо ведаю?

— Ведаеш, дзед Ерамей. Косцік Міхалап, ён і табе перадаваў запрашэнне.

— Косцік? — устрапянуўся стары. — Дык і я ж, браткі, паеду да яго. Як не паехаць — што вы. Я ж для яго некалі наркозам быў, як Жыльскі рабіў аперацыю Помніш, Ладзе?

— Чаму ж не помніць.

— А каго ж ён бярэ — ці не Вікцю часам?

Ладзік закурыў, зацягнуўся глыбока.

— Не. Паліну Якубаву бярэ.

— А я думаў... — дзед уздыхнуў, апусціў галаву, каб не замінаць цырульніку.

— Індык думаў... За Жамойду Вікця выходзіць. За фінагента. Разам, у суботу, жэняцца.