Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 89

Анатоль Бароўскі

Барсук пакаціўся на зямлю, не ведаючы, як утаймаваць боль. Чырвоныя буйныя кроплі падалі на траву.

Яго вочы набрынялі слязьмі. Усё бачылася невыразным і шэрым. Ён зашыўся пад парэчкавы куст і не выпаўзаў адтуль. Не сціхаў, дражніў водар таго смачнага ласунку, што так і не ўдалося паспытаць.

Ляжаў нерухома, прымружыўшы вочы. Здавалася, боль пачаў аціхаць. І тым не менш пакідаць схованку жадання не было.

Сонца ўжо асунулася за лес. Наваколле ахутвала шэрань. На траву нанізваліся важкія пацеркі расы.

Яго ўвагу прыцягнуў тупат чалавечых ног, і праз колькі хвілін ён убачыў таго, хто штодня хадзіў па лесе. У чалавека за спіной была смяротная маланка. Паласаціку помнілася тая далёкая вясна і выбух каля іх нары, калі не стала бацькі і маці. Бліскавіца маланкі і смярдзючы пах помніліся ўсё жыццё.

Чалавек пра нешта гаварыў, хаця ішоў адзін. Потым ён гучна выкрыкнуў, і гулкае рэха паскакала па гушчары.

Толькі як сцямнела, падаўся барсук дадому. Пысу трымаў высока ад зямлі — баяўся павярэдзіць рану.

Сны — белыя птушкі

Пасля трывожнага і нялёгкага дня Косціка Міхалапа ноччу не браў сон. Раз-пораз ён падбіваў падушку, варочаў яе, але ўсё роўна яна здавалася мулкай.

Ён глядзеў у шэрыя шыбы, аб якія церліся галінкі вішанніку, мусіў думаць пра нешта добрае і спакойнае, але сон усё роўна не ішоў да яго, уцякаў, бы дражніўся.

Паліна ўжо даўно дзесятыя сны бачыла — як лягла звечара на правы бок, адвярнуўшыся ад яго, так і не мяняла позы. А потым яшчэ і храпці пачала. Гэта таксама не давала заснуць, але стусянуць асцярожна яе пад бок, каб легла як інакш, не рашаўся — не хацеў перабіваць сон, ведама, хапіла і ёй за дзень.

Па вуліцы праехала грузавая машына — мо Янік Анэлін, а мо і Паўло Шкварка. Святло ад фар разанула па вачах і ў хаце прабеглася па сцяне — ад ложка да дзвярэй.

Мінула ўжо і другая, і трэцяя гадзіна, а сну і парушынкі не было. І ўсё ж у душы ён дакараў сябе, што не пайшоў да Жамойды разам з камісіяй — запрашалі ж, не Казімір, а госці. Трэба было пайсці, трэба, ён папрасіў бы прабачэння ў памочніка ляснічага за сваю выхадку ў лесе — можа, і сапраўды трэба было ўсё зрабіць інакш, з розумам, а тады далучыўся б да кампаніі... Сеў бы дзе-небудзь з краёчку, нікому не замінаючы, выпіў бы адну, ну, няхай дзве чарачкі, і маўчаў бы цэлы вечар, слухаў бы, пра што гаварылі людзі. Але ў гэты час неўпрыкмет перакінуўся б позіркам з Вікцяю, яго Любі-травою. Так ён назваў яе аднойчы, каб не выгаварыць яе імя ўголас ні пад чаркай, ні ў час яго дзіўнай і незразумелай хваробы.

Яна, Любі-трава, яго радасць і смутак, боль і шчасце. Ходзіць гаспадыняй па яго памяці, па верасовых дыванах, па чаромхавым беразе. Ніводнага разу не выпадала сустрэць яе ў сваім абходзе, хаця ж ведаў, што хадзіла і па грыбы, і па ягады. Як нябачнай сядно рабілася ў лесе, як быццам з шапкай-невідзімкай прыходзіла, каб ад яго схавацца, паздзекавацца.