Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 65

Анатоль Бароўскі

«Чысціня і бясстрашша — першыя ўмовы духоўнага багацця. Уся сіла і ўвесь новы сэнс твайго існавання — навучыцца нічога не баяцца. Дабівайся поўнага бясстрашша. І не забудзь, што яно — не толькі адсутнасць боязі. То поўная працаздольнасць усяго арганізма, поўны спакой у атмасферы небяспекі».

«Яшчэ і яшчэ раз пакладзіце ва ўсе складкі вашай свядомасці неаднойчы сказаныя словы: «Калі сэрца вашае чыстае — ніякае зло не можа пашкодзіць вам. Перад вашай чысцінёй яно бяссільнае».

Са «Шчыгрынавай шкуры» Бальзака: «Пакуль вы маладыя, пакуль, сутыкаючыся з намі, людзі і абставіны яшчэ не ўкралі ў нас пяшчотную кветку пачуцця, свежасць думкі, высакародную чысціню, якая не дазваляе нам уступіць у здзелку са злом, — мы яскрава адчуваем свой абавязак».

«...Усявышні абдурыў мяне. Пасмяяўся, як ведаў, што ў мяне не хопіць розуму і мудрасці распарадзіцца яго дарам. Няўжо і трэцяе я патрачу на бязглуздзіцу? Я ўсё зраблю, каб таго не здарылася. Я іду да Паэта.. » Над апошнім запісам дзед, Наташа і Валер ламалі галаву, але так і не маглі даўмецца, што азначалі загадкавыя радкі.

Як не маглі зразумець, чаму святы Айцец, якога так удала напісаў Антон, раптам знік з палатна, як і не было яго там.

...паэт раніцай чакаў Чыра, каб той памог раскрыць яму дзівосную тайну.

БРОНІК-АФГАНЕЦ

Ён скрозь сон пачуў, як рыпнулі вароты адрынкі.

Міжволі схамянуўся, навастрыў слых — як ганчак. Падалося, што нехта пераступіў парог і стаіўся. Падумаў тут жа: прымроілася ўсё, вароты мог прачыніць і вецер — забыўся накласці зашчапку.

Як ні ўглядаўся туды, уніз, да парога, нічога не прыкмеціў Зноў пачуў: нехта басанож пратэпаў па земляным таку, сцярожліва падышоў да драбіны, прыстаўленай да вышак і, крадучыся, пачаў падымацца паверх — зашамацела сена. Па прывычцы рука ліхаманкава памкнулася да аўтамата. Увесь напруціўся, бы спружына. І тут жа сарамліва абсек сябе: «Дурань! Хіба ж ты «там»?..»

— Хто тут? — папытаўся Бронік, але сам пачуў: голас у яго напяты, насцярожаны.

— То я — Надзейка, — нясмела прашаптала суседка, пэўна, раздумвала, падымацца вышэй ці не.

Ён маўчаў — не запрашаў, але і не праганяў.

Дзяўчо паднялося вышэй, стала на апошнюю перакладзінку, затоена прашаптала:

— Бронік, а ты адзін?

— Адзін...

У цемры ледзь заўважна бялеў яе твар ды свяціліся дзве маленькія кропачкі вачэй.

— Падай хіба руку.

Знайшоў і сціснуў даланю — цвёрдую, дужую. Надзейка лёгка ўскараскалася паверх, укленчыла побач. Потым хлопец пачуў, як зашамацела сукенка, як пстрыкнула запінка бюстгальтара... Да паху сена прымяшаўся яшчэ адзін — дзявочага цела, які перабіваў усё, браў верх.

Дзяўчына легла побач, прытулілася. Абдала гарачым дыханнем смагі і жадання. Потым абвіла рукамі яго шыю і ўпілася вуснамі ў яго асмяглыя губы. Яе грудзі, налітыя нерушам і маладой сілай, выпраменьвалі пахкую гарачынь. У яго адразу ледзь прыкметна закружылася галава — акурат як тады, калі падняўся ўпершыню на высокую гару Карбілан і зірнуў уніз...