Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 38

Анатоль Бароўскі

А верабейка не-не ды і кіне позірк — насцярожаны, недаверлівы, адчуваў, што Валер не адзін. І не то раўнаваў, не то хацеў, каб не было пабочных людзей. Падзяўбаў, страсянуўся, заскакаў на падваконніку, а потым пырхнуў і сеў на плячо Валеру. Наташа не шавяльнулася. Баялася дыхнуць нават.

— Ну, во, бачыш, і асмялеў. А гэта Наташа, знаёмся. У яе прыемны і добры голас. Хочаш, яна пагаворыць з табой?

— Чыр-чыр...

Яна злавіла адабральны позірк Валера.

— Дык ты Чырам завешся? Добрае імя. Вельмі добрае.

— Чыр-чыр-чыр...

Верабей пырхнуў з пляча і паляцеў у другі пакой. Нешта прачырыкаў там, мусіць, ужо грэўся каля цёплай печы — яна яшчэ ўтрымлівала цяпло. Браты раніцай палілі яе, каб не было волгла ў хаце.

— Харошы ў вас сябра. Смешны такі і... смелы.

— Я яму абавязаны жыццём. Я яму напісаў цэлае пасланне.

— Пасланне? — здзівілася госця і паглядзела на яго.

— Хочаце паслухаць?

— Вельмі...

Валер нейкі момант маўчаў, потым набраў у сябе паветра, пачаў чытаць.

Дзяўчына слухала ўважліва, схіліўшы галаву. Як скончыў, глядзела доўга на хлопца — яе радкі ўразілі. Яна любіла і разумела паэзію, шмат чытала. І цяпер, пачуўшы простыя радкі, якія ішлі ад сэрца, зразумела, што хлопец глядзіць на жыццё і на наваколле трошкі іншым поглядам, чым усе людзі. У яго акне — жыццё планеты. Дзіўна, але адчула незвычайную палёгку. Тут нешта было ад шаптухі, калі наступае нечакана палёгка, а ты не ведаеш, ад чаго...

Валер скіраваў ужо свой позірк за акно, дзе ішоў яшчэ дождж. Падумала, што ў яе жыцці адбылося нешта незразумелае, але значнае і пераломнае. Хлопец сам не ведае, мусіць, не здагадваецца, якой ён валодае незвычайнай сілай.

Яго словы, яго вершы — як малітва, як нейкі гіпноз. Нейкі цуд, ад яго зыходзяць цёплыя біятокі. Яны ўсяляюцца ў чалавека, выцягваюць злыбеду і боль. Тады ў целе нараджаецца бязважкасць і дабрыня. Цвёрдая ўпэўненасць, што заўтрашні дзень будзе яшчэ лепшы — у ім не будзе ні злога слова, ні крыўды.

— Я такога ніколі не чула, — прызналася яна, і ў яе ўздрыгнуў голас.

Ён засмяяўся, адарваўся ад акна:

— Што вы. Пра такое пісалі дзесяткі паэтаў. Паўтараюся і я. І тут нічога не паробіш — у чалавека ёсць сэрца, і ён адгукваецца на тое, што яго кранае.

— Не, праўда, я такога не чула...

У дзверы ўляцеў Чыр і спікіраваў на плячо Наташы. Яна аж адхіснулася ад нечаканасці. Валер засмяяўся, папракнуў Чыра:

— Ты так маіх гасцей распалохаеш, і яны болей не прыйдуць да мяне. Вось і Наташа, бачыш, спалохалася і не захоча прыходзіць, ці не так?

Гаспадар чакаў ад яе адказу, нецярпліва глядзеў у вочы.

— А вы хочаце гэтага? І не буду вам назаляць?

— Мне — назаляць? Наадварот. Будзе час і жаданне перакінуцца словам-другім, калі ласка. Чыр любіць філасофскія размовы...

Верабей распушыў свае крылы, дзюбкай пачаў чысціць іх. Ужо не звяртаў увагі на госцю, даверыўся ёй, пачуўшы яе голас. Зразумеў, што яму няма чаго баяцца яе.