Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 39

Анатоль Бароўскі

— Добра. Я прыйду. Ужо не як агітатар, — дзяўчына заўсміхалася, паправіла рукой косы, што звіслі на плечы.— І Чыр не будзе супраць?

— Чы-чы-чыррр!..

Яна засмяялася, гледзячы на птушку, што ўсё яшчэ сядзела на яе плячы — наводзіла марафет крылам.

— Тады ў мяне да вас, Валер, адно пытанне?

— Якое?

— Ці не будзеце вы супраць, калі я буду прыходзіць не адна, а са сваімі сябрамі — мастакамі?

У Арлова акругліліся здзіўлена вочы.

— Ды хоць з усім белым светам! — абрадаваўся спадар, пакруціў туды-сюды кола, паездзіў, як пахадзіў ля яе. — Толькі што тут у мяне такога цікавага?

— У вас усё цікавае — і атмасфера, і тое, што вы чыталі. Людзям сёння не хапае яднання, размоў, спрэчак. Я сёння многае зразумела. І дзякуй вам за празрэнне. Прыйшла агітаваць вас, а аказалася самой сагітаванай і зачарованай. Чым — яшчэ не ведаю, але хвіліны, праведзеныя ў вас, у прысутнасці Чыра, сталі для мяне нечым такім, ну... адкрыццём новага свету. Дзякуй вам...

— За што? — спытаў усхваляваны Валер. Жартуе дзяўчына? — То я вам дзякую, што завіталі. Каб не выбары, то мы і не сустрэліся б. Я за ўсіх прагаласую, за каго скажаце. Хоць за ўвесь белы свет!

Вось так нечакана Наташа адкрыла Валера Арлова.

Прыходзіла да яго адна і адзін раз, і другі. А потым запрасіла ў госці сваіх сяброў. Паабяцала падараваць ім цікавы вечар.

Яны асабліва не верылі. Бо што сёння можна паказаць цікавае? Паклікаць на сяброўскую вечарыну ў «Грот закаханых»? Там даюць піва, салёную рыбу, частуюць сухім віном і каньяком.

— Добра, мы пойдзем, Наташа, — згадзіўся Пушкарчук — за сябе і Антона адказаў. — Толькі ты раскажы напачатку, куды мы пойдзем і да каго.

— Добра ўжо, прызнаюся, раз так не церпіцца.

І расказала пра сваё адкрыццё. Заінтрыгавала.

Мы сядзім у яго, добра ўжо абзнаёміўшыся, паладкаваўшы і з Чырам. Але ён нас у вялікія сябры не прыняў — ніводнага разу не сеў на плячо ні мне, ні Міколу. Не давяраў чамусьці. Мо ў нас галасы былі грубаватыя, ці, можа, зыходзіла ад нас недаверлівасць, якая палохала птушку.

Але радавала, што не баяўся ён нас на адлегласці. Скакаў і чырыкаў на акне, дзяўбаў хлеб, слухаў, пра што гаварылі.

Дамовіліся адразу, што не будзем размахваць рукамі ў прысутнасці Чыра і гучна гаварыць.

Першая сустрэча прайшла мо і не так, як жадалася. Але ўжо на другі ці трэці раз мы гаварылі, як даўно пасябравалі.

Ён прыняў нас. Прыняў усім сэрцам. І цяпер мы ўжо не маглі не прыходзіць да Валера. Мы не маглі без яго.

І тады нехта з нас назваў нашыя паходы да Арлова днём душы.

Мы пазнаёміліся з маці, ветлівай і дабрачай жанчынай, якая была радая нашаму прыходу і знаёмству больш, чым яе сын — у нашай супольнасці яна бачыла добры знак. Паверыла, пераканалася, што мы для яго — другое жыццё.

Але яна не здагадвалася, што нашым другім жыццём быў ён, Валерка Арлоў. Два браты, якія працавалі на заводзе, былі маўклівыя і ціхмяныя, поўная процілегласць брату.

Мы стараліся не надакучваць сваімі частымі прыходамі. Але ж рэдкімі іх таксама не назавеш. Сталася так, што мы пачалі адчуваць неабходнасць завітаць да яго. Гэта было тады, як ў нашых душах збіралася нешта лядайкае і злое, жыццёвы бруд і ад яго трэба было вызваліцца, ачысціцца.